У Беларусі за падтрымку Украіны асудзілі не менш як 403 чалавек
Антываеннае графіці ў Беларусі
Крымінальныя справы за салідарнасць з Украінай па розных палітычных артыкулах былі пачатыя на мінімум 403 чалавек. Пра такую статыстыку паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна" ў чацвёртую гадавіну пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі.
Цягам апошняга года пераважны пераслед ідзе па "справе Гаюна" — за фота і відэа перамяшчэння расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Фігурантамі гэтай справы сталі не менш за 183 чалавекі.
Цяпер у зняволенні знаходзіцца больш за 200 чалавек, якіх пераследуюць за салідарнасць з Украінай. Сярод асуджаных — 71 жанчына. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ведаюць не пра ўсе факты пераследу.
213 чалавек асудзілі па абвінавачанні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Гаворка ідзе пра перадачу фота і відэа перамяшчэння расійскай вайсковай тэхнікі.
41 чалавек быў асуджаны па артыкуле за "здраду дзяржаве", 16 замежных грамадзян асудзілі за агентурную дзейнасць на карысць Украіны.
34 чалавек асудзілі па абвінавачанні ў "тэрарызме". Гэта выпадкі дыверсій на чыгунцы, а таксама на аэрадроме ў Мачулішчах.
47 чалавек атрымалі прысуды за жаданне ваяваць на баку Украіны. Яшчэ 40 чалавек былі асуджаныя за фінансавую падтрымку Узброеных сілаў Украіны і палка Каліноўскага.
Таксама праваабаронцам на сёння вядома пра мінімум пяцярых грамадзян Украіны, пазбаўленых волі паводле палітычных прысудаў.