У Ізраілі сталі часцей адмаўляць ва ўездзе грамадзянам Беларусі — амбасада

Сцяг Ізраіля

Сцяг Ізраіля / pixabay.com

Грамадзяне Беларусі сталі часцей атрымліваць адмовы ва ўездзе ў Ізраіль, паведамляе беларуская амбасада ў гэтай краіне.

Беларускія дыпламаты паведамілі, якія патрабаванні выстаўляе ізраільскі бок да замежных гасцей, і пералічыла абставіны, якія часцей за ўсё ўлічваюць ізраільцяне, прымаючы рашэнне аб пропуску праз мяжу.

У Беларусі з Ізраілем — бязвізавы рэжым, які дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі краін да 90 дзён на працягу кожнага перыяду 180 дзён. Пры гэтым паездкі могуць адбывацца толькі з турыстычнай, гасцявой альбо кароткатэрміновай дзелавой мэтай.

"Перад паездкай неабходна аформіць дазвол праз сістэму абавязковага папярэдняга паведамлення (ETA-IL) Упраўлення па справах рэгістрацыі насельніцтва і іміграцыі Ізраіля. Варта ўлічваць, што ўказаны дазвол не з'яўляецца гарантыяй уезду, а пацвярджае права на прыбыццё да пункта пропуску. Канчатковае рашэнне аб допуску на тэрыторыю краіны прымаецца памежнай службай", — адзначаюць у беларускай амбасадзе.

Пры запаўненні анкеты дыпламаты рэкамендуюць уважліва і дакладна ўказваць усе звесткі, бо любыя разыходжанні паміж пададзенай раней інфармацыяй і адказамі на мяжы могуць стаць падставай для адмовы ва ўездзе.

Таксама ў амбасадзе адзначылі, што адной з асноўных прычын адмовы з'яўляюцца спробы выкарыстоўваць турпаездку для пошуку працы. Працаваць у Ізраілі можна толькі пры наяўнасці працоўнай візы.

Ізраільскія памежнікі могуць таксама запытацца пра наяўнасць сталай працы або вучобы ў Беларусі, іншых сувязях з краінай. Таму дыпламаты рэкамендуюць мець пацвярджэнне такіх сувязяў: даведку з месца працы, пацвярджэнне навучання, дакументы пра ўласнасць, звесткі пра сямейнае становішча ды інш.

Звяртаюць увагу памежнікі і на выпадкі частых паездак і працяглага знаходжання на тэрыторыі Ізраіля. Гэта можа выклікаць дадатковыя пытанні наконт рэальнай мэты паездкі.

У амбасадзе таксама рэкамендуюць для паломніцкіх паездак звяртацца ў паломніцкі аддзел Мінскай епархіі або паломніцкі аддзел Рускай духоўнай місіі ў Ізраілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.