Беларуска пакарыла Італію на “МайстарШэфе” і распавяла, як пячы дранікі
Ірэна Рэсцыфіна / SKY
Італьянцы трапятліва ставяцца да рэцэптаў сваіх бабуль. Ірэна Рэсцыфіна таксама захоўвае бабулін сакрэт — і гэта сакрэт дранікаў.
Яе бабуля родам з Беларусі, а мама — беларуская баскетбалістка Лілія Малая. Нядаўна Ірэна стала самай юнай удзельніцай 15-га сезона прэстыжнага кулінарнага конкурсу “МайстарШэф”. Ёй усяго дваццаць гадоў, і яна ўвайшла ў дзясятку найлепшых удзельнікаў.
Цяпер яе пазнаюць на вуліцы і ў роднай Месіне, і ў Балонні, дзе яна вучыцца на юрыста. Просяць аўтограф або сумеснае сэлфі, а часам проста прыходзяць у каментары ў Instagram — пагаварыць пра кухню.
Ірэна вучыцца на трэцім курсе юрыдычнага факультэта. Пакуль яна не ведае, як павернецца жыццё далей, але не адмаўляе, што аднойчы ў яе будзе не толькі дыплом юрыста, але і ўласны рэстаран.
Еўрарадыё пагутарыла з Ірэнай пра ўдзел у конкурсе і пра тое, у чым сакрэт яе ідэальных дранікаў паводле бабулінага рэцэпта.
“Я была самай малодшай удзельніцай, але іншыя канкурсанты называлі мяне “мама”
— Якой была ваша першая страва?
— Не магу сказаць, у які менавіта момант я зразумела, што люблю гатаваць, але смачна паесці мне падабалася заўсёды. Нават калі была маленькай, ужо з вялікім апетытам спрабавала “дарослую” ежу. Мне заўсёды падабалася гатаваць і эксперыментаваць.
Маёй першай стравай былі аладкі. А потым — дранікі, якія мяне навучыла пячы мая бабуля. Гэта была ўжо больш складаная страва.
— У які момант з’явілася ідэя паўдзельнічаць у “МайстарШэфе”?
— Калі я была маленькай, я спрабавала паўдзельнічаць у Junior MasterChef (аналагічны конкурс для дзяцей), але мяне не ўзялі. У мінулым годзе мой тата прапанаваў мне паспрабаваць зноў, я падала анкету — і мяне ўзялі. Спачатку я нават не думала, што мне адкажуць, таму, калі патэлефанавалі з рэдакцыі, гэта быў вялікі сюрпрыз.
Мае першыя фанаты — гэта мая сям’я: бацькі, сястра і бабуля. Без іх я не змагла б нічога зрабіць — яны мая сіла і натхненне заўсёды і ва ўсім. Мая фантастычная бабуля родам з Беларусі, у нас аднолькавыя імёны, і яна заўсёды з любоўю падтрымлівала мяне ва ўсіх пачынаннях, ёй вельмі падабаецца, калі я гатую нешта.
Калі я гатавала на шоу, я амаль заўсёды нешта напявала сабе або думала пра сваю сям’ю — гэта надавала мне ўпэўненасці і спакою.
Праграма была складанейшай, чым я чакала. Гэта вельмі напружаны досвед, ён цалкам захоплівае цябе, ёсць стрэс ад спаборніцтва. І да ўсяго гэтага — трансляцыя па тэлебачанні.
Я была самай малодшай сярод удзельнікаў, але гэта не стала праблемай. Мне рабілі кампліменты, мяне прынялі, іншыя ўдзельнікі казалі, што я выглядаю старэйшай за свае гады. Мяне нават называлі “мамай”.
Атмасфера была вельмі добрай, я сустрэла сяброў, якія застануцца са мной назаўсёды. Праграма — гэта не толькі тое, што бачаць па тэлевізары, праграма — гэта ўсё, што застаецца па-за кадрам, кожны момант, кожная эмоцыя. Гэта самы лепшы, самы магутны досвед у маім жыцці.
— Ваш удзел у шоу скончыўся праз рызота. У чым асаблівая складанасць гэтай стравы?
— Рызота ў прынцыпе гатаваць няпроста. Трэба не пераварыць і не недаварыць рыс, потым вельмі важна правільна ўвесці масла з пармезанам. На жаль, я спатыкнулася менавіта на “рызота аль сальта” [плоскі, абсмажаны з двух бакоў скавароднік з рызота, — Еўрарадыё]. Яго асабліва складана гатаваць, таму што рыс, у адрозненне ад звычайнага рызота, павінен быць клейкім, каб яго можна было лёгка перавярнуць у паветры, як амлет.
— У інтэрв’ю італьянскім медыя вы казалі, што з папулярнасцю звязаны і непрыемныя ўспаміны: людзі часам пішуць злыя каментары…
— Гэта асабліва непрыемны момант, бо я не чакала такога… Але побач са мной была мая сям’я, мае сябры, мае калегі па праграме. І я атрымала шмат падтрымкі ад фанатаў. Гэта зрабіла мяне мацнейшай, і цяпер я ведаю, як з гэтым змагацца.
“Мой рэцэпт просты: бульба, цыбуля, адна лыжка мукі, соль, перац”
— Гатаванне — што гэта для вас? Строгае захаванне рэцэпта ці імправізацыя? Пра што вы разважаеце, калі гатуеце страву?
— Для мяне гатаваць — гэта прачытаць рэцэпт, але асэнсаваць яго па-свойму і кожны раз спрабаваць нешта новае.
Мне падабаецца думка, што мая страва — сапраўды мая, я дадаю ў кожную з іх сябе, Ірэну, гэта мае рэцэпты. Калі да нас прыходзяць госці, я заўсёды гатую. Мне гэта падабаецца, і маім сябрам падабаецца спрабаваць мае кулінарныя творы.
— А ў чым увогуле сакрэт італьянскай кухні, чаму яе любіць увесь свет?
— Італьянская кухня вельмі традыцыйная, рэцэпты перадаюцца з пакалення ў пакаленне і заўсёды крыху абнаўляюцца. Бабуліны рэцэпты заўсёды берагуць.
Асабіста я найбольш люблю ўсе першыя стравы і пасту. А што мне не падабаецца? Не падабаецца палента (густая каша з кукурузнай мукі), і я не люблю яе гатаваць.
А самая складаная для мяне страва — торт. Тут нельга імправізаваць, усё толькі паводле строгага рэцэпта…
— У беларусаў пастаянна ідуць спрэчкі пра тое, якімі павінны быць ідэальныя дранікі: ці трэба дадаваць у іх цыбулю, яйка, муку… Гэтыя спрэчкі бясконцыя. А які ваш асабісты рэцэпт?
— Мой рэцэпт просты: бульба, цыбуля, адна лыжка мукі, соль, перац. Але самае галоўнае — на чым іх пячы. Дранікі павінны быць добра падсмажаныя.
— А дранікі італьянцам спадабаліся б?
— Італьянцы вельмі ганарацца сваёй кухняй. Але ім падабаецца спрабаваць новае. Я ўпэўнена, калі б яны паспрабавалі дранікі, ім бы спадабалася. Бо бульбу любяць усе, з яе можна прыгатаваць сотню страў.
— Ці маглі б вы навучыць нашых беларускіх чытачоў аднаму італьянскаму рэцэпту, які ў іх дакладна атрымаецца паўтарыць дома?
— Я б параіла “парміджана”. Трэба падсмажыць нарэзаныя лустачкамі баклажаны, прыгатаваць соус з памідораў, выкласці ўсё пластамі, заліць соусам, дадаць лустачкі любога сыру і запячы ў духоўцы.
Адзін з самых вядомых салатаў — рускі салат. Ён, канечне, просты, і склад у яго просты, але ён вельмі смачны, і яго гатуюць паўсюль. Хіба што я б дадала ў яго пармезан.
— Дайце параду беларускім турыстам, якія едуць у Італію: дзе пакаштаваць найлепшую італьянскую кухню?
— Я б параіла падарожнічаць і спрабаваць розныя стравы. Італія — аб’ектыўна кулінарная краіна, і яе асаблівасць у тым, што ў любым горадзе можна вельмі смачна паесці, і гэта будуць менавіта мясцовыя стравы з мясцовых прадуктаў.