Дырэктара НВЦ беспілотных комплексаў звольнілі падчас справаздачы — "Белсат"

Юрый Яцына

Юрый Яцына / mlyn.by

У Беларусі звольнілі дырэктара Навукова-вытворчага цэнтру (НВЦ) беспілотных сістэмаў Юрыя Яцыну. Прадпрыемства ўваходзіць у структуру Нацыянальнай акадэміі навук. Журналістам "Белсата" звальненне кіраўніка не пацвердзілі, але звязаць з ім адмовіліся.

Паведамляецца, што звольніць Яцыну загадаў Уладзімір Каранік, які ўзначальвае прэзідыум НАН Беларусі з траўня 2025 года. Адбылося гэта падчас справаздачы дырэктара НВЦ. Каранік перапыніў яго фразай: "Хопіць мне гэта расказваць, у вашых паслугах мы больш не маем патрэбы". Аднак Яцыну дазволілі дапрацаваць да канца лютага.

Суразмоўцы "Белсату" ўпэўненыя, што Яцыну даўно варта было "выгнаць за ліпавыя даклады, хлусню пры здачы дакументацыі, вечную падробку дакументаў і тое, што ён звальняў усіх, хто казаў, што яму не падабаецца". Да НВЦ ён, нібыта, ставіўся як да асабістай лабараторыі за бюджэтныя сродкі. У выніку гэта ўсё прывяло да сур'ёзных фінансавых праблемаў на прадпрыемстве.

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыйных беспілотных комплексаў" НАН Беларусі было заснаванае ў 2016 годзе. Да таго часу існавала НВЦ "Беспілотныя авіяцыйныя комплексы і тэхналогіі", якое было структурным падраздзяленнем Фізічна-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі.

Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў НВЦ:
— правядзенне навуковых даследаванняў і распрацовак для стварэння і мадэрнізацыі беспілотных авіяцыйных комплексаў у цэлым ды іх асобных кампанентаў;
— распрацоўка бартавой і наземнай авіёнікі, метадалогіі пабудовы беспілотных авіяцыйных комплексаў, трэнажораў і імітатараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.