Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН аб міры ва Украіне

Вынікі галасавання ў ААН

Вынікі галасавання ў ААН / AFP

Генасамблея ААН ухваліла рэзалюцыю "Падтрымка ўстойлівага міру ва Украіне". Дакумент быў прапанаваны ўкраінскім бокам з нагоды чатырох гадоў з пачатку шырокамаштабнага расійскага ўварвання.

За гэтую рэзалюцыю прагаласавалі 107 краін, супраць — 12, устрымаліся — 51.

Сярод тых, хто галасаваў супраць, былі Беларусь і Расія. Акрамя таго супраць украінскай рэзалюцыі выступілі Буркіна Фасо, Бурундзі, Куба, Дэмакратычная рэспубліка Конга, Эрытрэя, Іран, Малі, Нікарагуа, Нігер і Судан.

Злучаныя Штаты былі ў ліку тых, хто ўстрымаўся падчас галасавання. У ААН кажуць, што ЗША прапаноўвалі асобна прагаласаваць па двух палажэннях дакумента, але гэтую прапанову адхілілі 69 галасамі супраць 11.

Каментуючы вынікі галасавання, міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга падзякаваў 107 дзяржавам, якія падтрымалі рэзалюцыю. Ён падкрэсліў, што для Украіны гэта пацвярджэнне таго, што прынцыпы статуту ААН і надалей маюць значэнне.

Раней Беларусь таксама галасавала супраць шэрагу іншых рэзалюцый ААН на ўкраінскую тэматыку, у тым ліку супраць рэзалюцыі, якая заклікала ўзмацніць міжнародную супрацу ў мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.