Беларусь прагаласавала супраць чарнобыльскай рэзалюцыі ААН

Забруджаная радыяцыяй тэрыторыя

Забруджаная радыяцыяй тэрыторыя / Еўрарадыё

На пасяджэнні Генасамблеі ААН 10 снежня абмяркоўвалі рэзалюцыю аб наступствах Чарнобыльскай катастрофы. Беларусь прагаласавала супраць.

Беларусь і Украіна падалі кожная свой варыянт рэзалюцыі. Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН заявіў, што Беларусь страціла маральнае права ініцыяваць рэзалюцыі Генасамблеі, звязаныя з тэмай Чарнобыля. Прадстаўнік Беларусі адказаў, што афіцыйны Мінск ніколі не адмаўляўся ад ролі куратара штогадовай Чарнобыльскай рэзалюцыі.

Па выніку галасавання ўкраінскую рэзалюцыю вырашылі разгледзець першай. Яе і прынялі пад назвай "Умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыя намаганняў у справе вывучэння, змякчэння і мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы".

У дакуменце прызнаюцца працяглыя сур’ёзныя наступствы аварыі на ЧАЭС, патрэбы пацярпелых грамадзян і населеных пунктаў, а таксама адзначаецца важная роля ААН, у тым ліку Праграмы развіцця ў аднаўленні пацярпелых тэрыторый. Таксама там згадваецца, што 14 лютага дрон пашкодзіў саркафаг над аварыйным блокам ЧАЭС. Таксама ў дакуменце гаворыцца, што 24 красавіка 2026 года пройдзе спецыяльнае пасяджэнне Генасамблеі да 40-годдзя катастрофы.

За рэзалюцыю прагаласавалі 97 краін, супраць — 8 (Беларусь, Кітай, Куба, КНДР, Нікарагуа, Нігер, Расія і ЗША), 39 краін устрымаліся.

Беларусь хацела ўнесці праўкі ва ўкраінскую рэзалюцыю. Прапаноўвалася змяніць украінскае напісанне Chornobyl на транслітараванае з рускай Chernobyl, прыбраць згадку Украіны ў адным з абзацаў і выдаліць некалькі ключавых пунктаў. Гэтую папраўку адхілілі галасаваннем.

Пасля прыняцця ўкраінскай рэзалюцыі прадстаўнік Украіны прапанаваў не разглядаць беларускі варыянт. Нягледзячы на пратэсты Беларусі і Расіі за такую прапанову прагаласавалі 52 краіны пры 23 "супраць" і 60 устрыманых. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.