На прадпрыемствах Гомеля людзі працуюць пры 2-5 градусах цяпла
Цеплавая гармата на гомельскім прадпрыемстве / "Беларусь 4. Гомель"
На некаторых гомельскіх прадпрыемствах людзі працуюць у холадзе. Пасля нядоўгай адлігі пад канец тыдня зноў чакаюцца моцныя маразы, а праблема не вырашаецца. Пра гэта работнікі пішуць у сацсетках, заўважыла выданне "Флагшток".
Пра такую сітуацыю расказалі, напрыклад, супрацоўнікі прадпрыемства "Святлатэхніка", дзе працуюць людзі з інваліднасцю. Паводле іх, цягам апошняга тыдня ў памяшканнях некалькі разоў прарываліся трубы, тэмпература ў распранальнях і на працоўным месцы складае ўсяго каля 2 градусаў цяпла.
Работнікаў не забяспечваюць цёплым спецадзеннем, пакояў для абагравання таксама няма. Хаця на прадпрыемства прыязджалі камісіі, праблема так і засталася нявырашанай.
Таксама гомельцы пішуць, што на ААТ "СтанкаГомель" ім даводзіцца працаваць пры тэмпературы +5 градусаў.
Наяўнасць праблемы на прадпрыемствах прызналі нават гомельскія ўлады. 23 студзеня абласная тэлевізія заявіла, што "прафсаюзы дапамаглі не змерзнуць работнікам фабрыкі "8 Сакавіка" цеплавымі гарматамі". Таксама гарматы паабяцалі накіраваць на яшчэ чатыры прадпрыемствы рэгіёна. У спісе — "СтанкаГомель", "Сантэкс" і Добрушскі фарфоравы завод.