50 тысяч працоўных мігрантаў хочуць прыцягнуць у Беларусь за 5 гадоў

Будаўніцтва, ілюстрацыйнае фота

Будаўніцтва, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі старэе насельніцтва, таму рынак працы плануецца запаўняць працоўнымі мігрантамі. Пра гэта гаворыцца ў зацверджанай урадам дзяржаўнай праграме "Збалансаваны рынак працы" на 2026–2030 гады. Яе тэкст з'явіўся 5 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У дакуменце адзначаецца: "Амаль кожны пяты работнік у нашай краіне блізкі да пенсійнага ўзросту альбо ўжо дасягнуў яго". Аўтары праграмы пішуць, што ў 2026–2030 гадах на рынак працы выйдзе "малалікае пакаленне дзяцей, народжаных у 1990–2010 гадах". Пры гэтым рынак працы пазбавіцца "шматлікага пакалення 1960-х гадоў".

Агулам, як прагназуе ўрад, цягам бліжэйшых пяці гадоў Беларусі спатрэбіцца больш 300 тысяч работнікаў.

Пры гэтым попыт на працоўную сілу расце: з 72 тыс. чалавек на пачатак 2021 года да 193,8 тыс. чалавек на 1 верасня 2025 года. "Найбольшы попыт фармуецца ў такіх відах эканамічнай дзейнасці, як прамысловасць, гандаль, сельская гаспадарка, будаўніцтва, транспарт, адукацыя, ахова здароўя. Каля 70% вакансій — па рабочых прафесіях", — канстатуюць аўтары праграмы.

Дэфіцыт працоўнай сілы плануецца часткова кампенсаваць прыцягненнем працоўных мігрантаў. За бліжэйшыя пяць гадоў міграцыйны прырост плануецца забяспечыць не менш як на 50 тыс. чалавек.

Пры гэтым прыводзіцца статыстыка працоўнай міграцыі ў Беларусь за апошнія гады: у 2024-м прыбыло 33,8 тыс. замежнікаў, у 2023-м — 13,4 тыс., у 2022-м — 11 тыс., у 2021-м — 13,7 тыс. За першае паўгоддзе 2025-га на працу ў Беларусь прыбылі 21 тыс. замежнікаў. Такім чынам, за чатыры з паловай гады на працу ў нашы краіну прыбыло каля 93 тыс. замежнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.