Працоўная міграцыя ў Беларусь сёлета вырасла ў паўтара разу
Рабочы-мігрант, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Беларусі расце як працоўная міграцыя, так і колькасць злачынстваў, учыненых замежнікамі. Пра гэта паведаміў намеснік міністра МУС Юрый Назаранка, перадае БЕЛТА.
Паводле міліцэйскага чыноўніка, па выніках дзевяці месяцаў гэтага года колькасць замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь на працу, вырасла ў паўтара разу — ад 21 тысячы да 32 тысяч чалавек.
Пры гэтым скарацілася колькасць беларусаў, якія выязджаюць на працу за мяжу пры дапамозе юрыдычных асоб і ІП. Сёлета было зарэгістравана 2 тысячы такіх беларусаў, а год таму іх было 3 тысячы чалавек.
Намеснік міністра ўнутраных спраў пры гэтым паведаміў, што на 17% вырасла колькасць улічаных злачынстваў, учыненых замежнымі грамадзянамі. Аднак у агульнай структуры злачыннасці іх удзельная вага павялічылася сёлета нязначна і складае 3,4%.