Мінчук не выйшаў на працу 392 разы за паўтара года
Прыбіральшчык, ілюстрацыйнае фота
У Мінску асудзілі 35-гадовага мужчыну, які не плаціў аліменты на дзвюх дачок і сістэматычна прагульваў працу.
Як піша дзяржаўнае інфармагенцтва "Мінск-Навіны", мужчына мае дзве дачкі, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Паводле рашэння суда, ад ліпеня 2022 года мінчук быў абавязаны штомесяц кампенсаваць выдаткі на іх утрыманне. Аднак ён сістэматычна затрымліваў выплаты ці пералічваў меншую суму, чым належала.
У мужчыны была афіцыйная праца — прыбіральшчык на сталічным транспартным прадпрыемстве. Аднак на працоўным месцы ён з'яўляўся нячаста: за паўтара года нядбайны супрацоўнік прагуляў працу 392 разы. Свае прагулы ён растлумачыў тым, што яму не падабаліся ўмовы працы.
Крымінальную справу на мінчука пачалі пасля папярэджанняў судовых прыставаў аб адказнасці за ўхіленне ад выплат. Раней мужчына ўжо быў судзімы чатыры разы, прычым два з іх — за нявыплату даўгоў.
Цяпер суд прызначыў яму 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў калонію ("хатняя хімія"). Таксама яго абавяжуць прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.