Былога міліцыянта асудзілі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"

Антон Макараў

Антон Макараў / фота з яго акаўнту ў Інстаграме

Па абвінавачанні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК) у Беларусі асудзілі 31-гадовага Антона Макарава. Прысуд яму вынеслі ў Мінскім гарадскім судзе.

Як піша "Наша Ніва", дэталі крымінальнай справы невядомыя, але пераслед можа быць звязаны са "справай Гаюна". Цяпер Макараў адбывае пакаранне — гэта або калонія, або "хімія" з накіраваннем.

Да 2017 года Макараў служыў у сілавых структурах. Паводле інфармацыі "Кіберпартызанаў", ён быў міліцыянтам-кіроўцам у аператыўна-дзяжурнай службе Заводскага РУУС Мінска, потым старшым сяржантам міліцыі.

У студзені 2017-га Макараў звольніўся з міліцыі ды працаваў у іншых сферах.

Як бачна па фатаздымках у сацсетках, у яго ёсць жонка і двое дзяцей.

Макараў — гулец каманды "Фенікс", якая выступае ў Аматарскай лізе футбола (АЛФ). У сезоне 2025 года ён быў адным з ключавых гульцоў складу, выступаў на пазіцыі абаронцы. У вясновым турніры 2025 года яго прызналі найлепшым гульцом спаборніцтваў, а каманда заняла трэцяе месца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.