Трох мытнікаў асудзілі за "палітыку" на гіганцкія тэрміны

Асуджаныя мытнікі Гурыновіч, Журомскі, Новік

Асуджаныя мытнікі Гурыновіч, Журомскі, Новік / Dissident.by

Тром мытнікам прысудзілі вялізныя тэрміны. Ім выставілі абвінавачанні паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Сярод іх фігуравала здрада дзяржаве, удзел у "экстрэмісцкім фармаванні" і распальванне варожасці, піша Dissident.by.

Галоўны інспектар мытнай службы Яўген Гурыновіч асуджаны да 13,5 года пазбаўлення волі, Віктар Новік — да 13 гадоў, Уладзімір Журомскі — да 12 гадоў. Суд адбыўся ў 2024 годзе.

Затрымалі Гурыновіча, Журомскага і Новіка ў 2022 годзе. Гурыновіча пры затрыманні збілі і моцна пашкодзілі яму спіну. Пасля гэтага ён доўгі час не мог самастойна хадзіць — перамяшчаўся ў інвалідным крэсле і на мыліцах. Боль быў настолькі моцны, што Гурыновіч падаў на падлогу і не мог сам падняцца. Некалькі разоў яго адпраўлялі ў лякарню ў Калядзічах. Медыкі доўгі час адмаўляліся прызнаваць яго інвалідам. Аднак у магілёўскай бальніцы ўсё ж пацвердзілі, што боль мае аб’ектыўныя прычыны, і Гурыновіч афіцыйна атрымаў інваліднасць.

Цяпер палітвязня трымаюць у калоніі №15. Адміністрацыя прымушае яго хадзіць на зарадку і на працу на мыліцах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.