У беларускай футбольнай зборнай — новы галоўны трэнер
Віктар Ганчарэнка стаў трэнерам зборнай / АБФФ
Новым галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе стаў Віктар Ганчарэнка. Адпаведнае рашэнне было прынятае на пасяджэнні выканаўчага камітэта Беларускай федэрацыі футболу, якое прайшло ў Доме футбола.
Кантракт заключаны на чатыры гады. Дапамагаць Ганчарэнку будзе Аляксандр Ермаковіч.
Ганчарэнка ад лістапада 2007 па кастрычнік 2013 года трэніраваў барысаўскі БАТЭ. Пры ім каманда шэсць разоў станавілася чэмпіёнам, гуляла ў групавых раўндах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.
Потым Ганчарэнка працаваў у розных клубах Расіі — ЦСКА, "Кубань", "Краснадар", "Урал", "Уфа" і "Пары НН". З ЦСКА станавіўся двойчы сярэбраным прызёрам чэмпіянату Расіі.
Папярэднікам Ганчарэнкі на пасадзе галоўнага трэнера зборнай быў іспанскі спецыяліст Карлас Алос. Ён трэніраваў каманду ад жніўня 2023 года.