Дырэктар “МЛ Віцебск” распавёў пра новы стадыён для клуба
Будаваць будуць цалкам за свой кошт / "МЛ Витебск"
Кіраўніцтва наваспечанага чэмпіёна Беларусі па футболе “МЛ Віцебск” збіраецца пабудаваць стадыён, які першапачаткова будзе змяшчаць каля 5,5 тысячы гледачоў. Гэта будзе арэна трэцяй катэгорыі УЕФА. Падрабязнасцямі будаўніцтва падзяліўся дырэктар клуба Віктар Фаўстовіч.
— На сённяшні дзень канцэпцыя крыху змянілася. З улікам патрабаванняў трэцяй катэгорыі УЕФА, якую мы хочам рэалізаваць, нам ужо спатрэбіцца больш месцаў, і мы плануем, што ў праекце будзе дзве трыбуны, але пачнём першы этап будаўніцтва з узвядзення адной асноўнай трыбуны.
Прынцыпы, якія дапамогуць нам пры здачы стадыёна ў эксплуатацыю, ужо дазволяць на гэтым полі гуляць матчы нашага чэмпіянату. У далейшым, калі будзе пабудавана другая трыбуна, мы зможам прымаць гульні еўракубкаў на новым стадыёне. Этап будзе не імклівы, ён будзе паступовы, але трыбуны будуць з абодвух бакоў, і там будзе парадку 5–5,5 тысячы месцаў для гледачоў, — распавёў Фаўстовіч у эфіры канала Vitebsk LIVE.
За чый кошт будзе ісці будаўніцтва і ці будзе дапамога ад дзяржавы?
— Што датычыць кошту аб’екта, шчыра, нават мы не ведаем, колькі ён каштуе. Мы зразумеем, калі будзе перадпраект. Нам яго плануюць прадставіць у студзені. Гэта ўжо будзе канцэпцыя — лічбы, аб’ёмы, тэрміны. Тады можна будзе ўпэўнена сказаць. А што датычыць фінансавання, дык прыватны клуб — усё самі, — запэўніў дырэктар клуба.