Колькасць каманд у Вышэйшай лізе як адлюстраванне стану беларускай эканомікі

Стадыён "Атлант" — сімвал беднасці беларускага футбола

Стадыён "Атлант" — сімвал беднасці беларускага футбола / "Нафтан"

Міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук з вясны 2025 года загаварыў пра скарачэнне каманд у Вышэйшай лізе беларускага футбола. Здаецца, што ён спецыяльна замяніў кіраўніка федэрацыі ўлетку, каб прасунуць і рэалізаваць гэтую ідэю.

Але навошта? Бо не якасцю палёў і вяснова-зімовымі пакутамі футбалістаў занепакоены галоўны спартыўны функцыянер Беларусі (ну, пасля двух Лукашэнак, вядома).

Піша Максім Камерэр.

Дык што? Чаму Кавальчук вырашыў скараціць колькасць каманд з цяперашніх 16? Прычым паступова. У 2027 годзе да 14, а ў 2028-м — да 12.

Я ўпэўнены, што прычына ў беларускай эканоміцы. Яна не цягне. І не будзе цягнуць. Нічога добрага ў сістэме не чакаюць. А грошы ж нянадта вялікія.

Сярэдні беларускі футбольны клуб за год спальвае каля 1,5 млн долараў. Ды што гэта за сума для таго ж Слуцка або Смаргоні? Няўжо горад Бабруйск не можа назбіраць няшчасны мільён долараў?

Відаць, ужо не.

Але галоўная каманда — гэта толькі вяршыня айсберга. Ніжэй знаходзяцца пад сотню чалавек: дзіцячыя і юнацкія каманды, трэнеры, персанал.

І інфраструктура. Якую трэба падтрымліваць, развіваць, абнаўляць, будаваць новую. А гэта сума ўжо набліжаецца да 5 млн долараў і да бясконцасці.

Количество команд в Высшей лиге как отображение состояния белорусской экономики
"Смаргонь" згуляе стыкавы матч на стадыёне, дзе ўжо пачалі дэмантаваць сядзенні. Нібыта для таго, каб усталяваць новыя

А хто ў нас асноўны спонсар каманды ў горадзе з насельніцтвам 100-200 тысяч чалавек? Правільна, горадаўтваральнае прадпрыемства. А ў якім стане яны цяпер знаходзяцца, вы, напэўна, таксама здагадваецеся, нягледзячы на прыхоўванне статыстыкі.

Вось і замкнулася кола. І мы гэта ўжо праходзілі ў нашай найноўшай гісторыі.

Далёка за прыкладам хадзіць не трэба. Скарачэнне колькасці каманд у Беларусі ўжо было. І яно адбывалася менавіта тады, калі эканоміка краіны моцна хварэла.

Нулявыя гады. 14-16 клубаў гуляюць у чэмпіянаце. А потым наступае 2011 год і буйны эканамічны крызіс: шалёнае абясцэньванне рубля, шалёная інфляцыя, замежных крэдытаў не даюць.

І ліга скарачаецца да 11 каманд. Потым дацягваецца да 12 клубаў. І пяць гадоў не думае расці.

Затым адбываецца крызіс 2015 года. Але рэжым ужо дасведчаны, спраўляецца з ім больш спрытна і хутчэй. Ліга праз пару гадоў нават дадае два клубы. Непрыемнасці, вядома, здараюцца: каманды знікаюць, маючы праблемы, здымаюцца па ходу чэмпіянату, але федэрацыя трымае ўдар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.