У першы ж сезон у Вышэйшай лізе “МЛ Віцебск” стаў чэмпіёнам Беларусі
Гістарычнае дасягненне, якое агаляе ўсе праблемы сучаснага беларускага футбола / "МЛ Витебск"
23 лістапада 2025 года ўвайшло ў гісторыю футбола незалежнай Беларусі. Упершыню клуб, які яшчэ год таму гуляў у Першай лізе, стаў чэмпіёнам краіны ў Вышэйшай лізе. Гэтага дасягнуў прыватны клуб “МЛ Віцебск”, уладальнікам якога з’яўляецца гаспадар букмекерскай канторы “Макслайн”. Таксама ўпершыню ў гісторыі Беларусі чэмпіёнам краіны становіцца клуб з Віцебскай вобласці.
У 29-м туры чэмпіянату “МЛ Віцебск” у сябе дома разграміў “Гомель” — 5:0 — і за тур да фінішу датэрмінова стаў чэмпіёнам.
"Срэбра" турніру забірае мінскае “Дынама”, "бронзу" — “Славія”.
Дзякуючы гэтаму гістарычнаму дасягненню “МЛ Віцебск” у 2026 годзе прадставіць Беларусь у Лізе чэмпіёнаў, дзе згуляе ў першым раўндзе кваліфікацыі.
“Дынама-Мінск” і “Славія” прадставяць Беларусь у першым раўндзе Лігі канферэнцый.
Хто такі гэты дзёрзкі навічок?
Гісторыю гэтага маладога клуба можна адлічваць з 2021 года, калі ён яшчэ называўся “Макслайн” — па назве букмекерскай канторы, якой валодае Арцём Леонаў. Каманда месцілася ў Рагачове і збірала амаль аншлагі на хатніх матчах.
У кастрычніку 2021 года клуб заваяваў права выступаць у Першай лізе. У ліпені 2022 года каманду ўзначаліў вядомы беларускі трэнер Юры Пунтус. Па выніках сезона клуб заняў 4-е месца ў табліцы і адправіўся ў стыкавыя матчы за павышэнне.
У выніку рагачоўскі клуб атрымаў пуцёўку ў Вышэйшую лігу. Але ў лістападзе 2022 года Беларуская федэрацыя футбола адмовіла клубу ў ліцэнзаванні для ўдзелу ў вышэйшым дывізіёне.
Кіраўніцтва каманды падало апеляцыю, але федэрацыя не дапусціла клуб да ўдзелу ў чэмпіянаце Вышэйшай лігі.
У студзені 2023 года савет заснавальнікаў і спонсараў клуба вырашыў, што каманда працягне выступаць у Першай лізе. У сакавіку таго ж года клуб змяніў прапіску, пераехаўшы з Рагачова ў Віцебск.
Па выніках сезона 2024 года клуб зноў атрымаў права гуляць у Вышэйшай лізе. У снежні 2024 года “Макслайн” змяніў назву на “МЛ Віцебск”, бо паводле правілаў назва каманды не можа дубляваць назву букмекерскай канторы.
Свой першы сезон у Вышэйшай лізе клуб пачаў бодра, не прайграўшы ніводнага матчу ў першым крузе. Збой адбыўся бліжэй да канца чэмпіянату, калі каманда пацярпела тры паразы запар і растраціла свой гандыкап перад мінскім “Дынама”.
Уладальнік клуба пайшоў на замену трэнера. Аляксандра Шагойку, які збіраў склад, праводзіў перадсезонную падрыхтоўку і вывёў каманду ў лідары, змяніў Міхаіл Марціновіч. Яму ўдалося спыніць серыю параз і прывесці каманду да першага ў гісторыі клубнага чэмпіёнства.
“МЛ Віцебск” актыўна інвестуе ў сваю інфраструктуру, набываючы спартыўныя аб’екты ў Віцебску. Таксама ў клуба ёсць планы пабудаваць у бліжэйшыя гады ўласны стадыён.
Пачынаецца гісторыя новага БАТЭ ў беларускім футболе?