Галоўны трэнер футбольнай зборнай назваў сваё звальненне нечаканым

Карлас Алас Ферэр / Карлос Алос Феррер / kazfootball.kz

Карлас Алос

Абсалютна нечаканым назваў сваё звальненне ўжо былы галоўны трэнер футбольнай зборнай Карлас Алос. Але дадаў, што ставіцца з павагай да рашэння Беларускай федэрацыі футбола.

У інтэрв'ю выданню Football.by іспанскі спецыяліст адзначыў, што не лічыць сваю працу скончанай: "У мяне быў кантракт на наступны год, і хацелася падрыхтаваць каманду да наступнай Лігі Нацый".

Алос кажа, што меркаваў прыехаць у Беларусь пазней і заняцца падрыхтоўкай зборнай да новага сезона. Але яго запрасілі прыехаць на цырымонію "Зорны мяч". Падчас цырымоніі ён размаўляў з кіраўніком федэрацыі Яўгенам Булойчыкам, але ніякай новай інфармацыі не было.

"Аднак за дзень ад ад'езду дадому мне зноў затэлефанавалі і тэрмінова запрасілі ў федэрацыю. І ўжо там яе старшыня сказаў, што вырашана спыніць супрацоўніцтва",падзяліўся падрабязнасцямі трэнер.

Алос узначаліў зборную ў жніўні 2023 года. Пад яго кіраўніцтвам зборная Беларусі правяла 26 матчаў, у якіх атрымала 6 перамог, 10 разоў згуляла ўнічыю і зазнала 10 паразаў.

Пра яго звальненне стала вядома 4 снежня. Паведамлялася, што кантракт скасаваны па згодзе бакоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.