Беларусь стане марской дзяржавай? На Дняпры пабудуюць новы порт
Улады Беларусі плануюць выход да мора
Урад Беларусі рэанімаваў ідэю будаўніцтва "вялікага порта на Дняпры" каля мяжы з Украінай. Работы планавалі яшчэ ў 2020 годзе, але тады праект не стартаваў. Цяпер будаўніцтва ў Брагінскім раёне (Ніжнія Жары) уключана ў дзяржаўную праграму "Транспарт Беларусі" на 2026–2030 гг.
Па плане новы порт будзе прымаць грузы з басейнаў Чорнага і Міжземнага мораў з наступным транзітам па Дняпру. Праект прадугледжвае да 1000 працоўных месцаў, стварэнне рабочага пасёлка і сацыяльнай інфраструктуры. Эксперты адзначаюць, што "дняпроўскі порт" можа стаць больш эканамічнай альтэрнатывай Паўночнаму марскому шляху, дзе перавозкі абыходзяцца дорага з-за караблёў ледавога класа і неабходнасці дзяржаўнай падтрымкі.
Калі будаўніцтва пачнецца ў 2026 годзе, аб’ект можа запрацаваць ужо да канца пяцігодкі.