У работнікаў Белчыгункі масава правяраюць мабільнікі — Супольнасць чыгуначнікаў

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

На Беларускай чыгунцы працягваецца "пошук ворагаў", піша Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Усіх супрацоўнікаў прымусілі падпісаць папярэджанні аб адказнасці за ўцечку інфармацыі пра Белчыгунку. Спярша подпісы патрабавалі ад тых, хто паводле службовай неабходнасці можа валодаць якой-небудзь інфармацыяй, асабліва датычнай вайсковых перавозак. А потым падпісаць прымусілі ўсіх — аж да прыбіральшчыкаў, вартаўнікоў і г.д. Тых, хто адмаўляўся падпісваць, пры любым зручным выпадку звальнялі з прадпрыемства.

Цяпер у супрацоўнікаў сталі правяраць змесціва асабістых мабільных тэлефонаў. Паведамляецца, што кіруе гэтым мерапрыемствам намеснік начальніка БЧ па арганізацыі бяспечнага забеспячэння жыццядзейнасці прадпрыемстваў І. Казлоўскі. А фактычным выканаўцам у асобных выпадках з'яўляецца наваствораная служба інфармацыйнай бяспекі на чале з яе начальнікам — супрацоўнікам КДБ Беларусі Я. Саўчыкам ці рэжымныя аддзелы.

"Ад інжынернага персаналу проста патрабуюць паказаць змест месенджараў на прадмет перасылкі службовай інфармацыі. Пры гэтым на такія гутаркі, дзе будзе праверка тэлефона, работніка выклікаюць пад якой-небудзь "бяскрыўднай" падставай да яго непасрэднага кіраўніка, дзе яго чакаюць прадстаўнікі КДБ і "наваяўленых" структур, такіх як служба інфармацыйнай бяспекі.

А вось са звычайнымі рабочымі наогул не цырымоняцца — папросту патрабуюць здаць тэлефон з усімі пін-кодамі і паролямі для поўнага доступу да яго і выносяць, як мяркуецца, у службу інфармацыйнай бяспекі на тэрмін да трох сутак. Матывуюць гэтае патрабаванне тым, што ўсе работнікі падпісалі згаданае вышэй "папярэджанне аб адказнасці",піша Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Звесткі пра такія канфіскацыі тэлефонаў прыходзяць з розных прадпрыемстваў БЧ на ўсіх аддзяленнях ужо больш за паўтара месяца. Найбольшая колькасць паведамленняў ідзе з Мінскага аддзялення БЧ. Тых, хто адмаўляецца даць доступ да тэлефона, дастаўляюць на гутарку ў "адпаведныя органы".

У Супольнасці чыгуначнікаў мяркуюць, што работнікам могуць ставіць на тэлефоны шпіёнскія праграмы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.