Умоўна вольныя. Юрыст — пра выклікі, з якімі сутыкнуліся экс-палітвязні

Сустрэча экс-палітвязняў у Варшаве

Сустрэча экс-палітвязняў у Варшаве / Еўрарадыё

Пасля прымусовага вывазу экс-палітвязняў з Беларусі ў Польшчу, людзі апынуліся на свабодзе без выразнага юрыдычнага статусу і ў большасці сваёй — без дакументаў. За мяжой перад імі адразу паўсталі сур'ёзныя прававыя рызыкі, перш за ўсё звязаныя з легалізацыяй знаходжання. Пра тое, у якім становішчы знаходзяцца тыя, хто яшчэ нядаўна адбываў прызначаныя рэжымам тэрміны ў калоніях і турмах, і чаму ім жыццёва неабходная тэрміновая юрыдычная дапамога, Еўрарадыё паразмаўляла з адвакаткай, кіраўніцай службы прававой дапамогі ReforumHelp Оленай Юркінай.

— З якімі юрыдычнымі статусамі людзі выходзяць на свабоду? Нам кажуць пра вызваленне, але ці ёсць у іх якія-небудзь дакументы, што пацвярджаюць гэта?

— Мы не ведаем, як гэта аформлена. Спадзяюся, што гэта неяк праясніцца, калі, напрыклад, адвакаты гэтых людзей зробяць запыты і атрымаюць дакументы з Беларусі, якія пацвярджаюць, ці сапраўды іх памілавалі, ці гэта фармальнасць. Як гэта было аформлена, сёння нікому не вядома. То бок фактычна людзей вызвалілі, але зроблена гэта было без іх ведама — яны абсалютна не суб’ектныя ў гэтай сітуацыі, яны не выбіралі куды паедуць.

— А ці ёсць нейкія дакументы, напрыклад, пашпарты на руках у былых палітвязняў?

— У часткі наогул няма ніякіх дакументаў, толькі даведка з, дапусцім, калоніі. У кагосьці на руках ёсць пашпарты, ну, так скажам, 50 на 50 ці нават 60 на 40. Мы пакуль не вядзем дакладны ўлік. У многіх дакументаў няма наогул.
Беларусаў проста пасадзілі ў аўтобусы і павезлі. Везлі з розных месцаў, адпаведна — што ім далі (каму далі), з тым і паехалі.
У некаторых з сабой нават ёсць поўнасцю іх крымінальныя справы, тэчкі з усімі матэрыяламі спраў, то бок бываюць нават такія выпадкі, але частка людзей проста з даведкай. А хтосьці наогул без даведкі.

— Як вы ацэньваеце гэтую сітуацыю?

— Юрысты ацэньваюць гэтую сітуацыю як абсалютна экстраардынарную. Я і мая калега былі першымі юрысткамі, якія сустракалі экс-палітвязняў. У мяне ўпершыню такі вопыт, калі столькі людзей апынуліся ў чужой краіне ў поўнай разгубленасці. Нехта з іх наогул ні разу не быў за мяжой. 
Людзі абсалютна розныя — ёсць маладыя, якія здольныя хутка зарыентавацца, але вельмі шмат людзей пенсійнага ўзросту як мужчын, так і жанчын, якія не былі гатовыя да такога жыццёвага павароту.

Трэба сказаць, што мы таксама не зусім былі гатовыя да такога. Гэтыя беларусы апынуліся ў вельмі экстрэмальнай сітуацыі — нам даводзіцца вельмі хутка адказваць на ўсе пытанні, якія толькі могуць узнікаць. Кожны выпадак індывідуальны.

Пры гэтым дзякуючы дамоўленасцям беларускіх дэмакратычных сіл была атрыманая згода на паскораную і камфортную падачу на міжнародную абарону ў Польшчы. І польскія ўлады ў многіх пытаннях, натуральна, пайшлі нам насустрач усім. У першыя выходныя пасля прыезду дзверы ўсіх устаноў, якія прымаюць дакументы, для гэтых людзей былі адчыненыя. І гэта толькі адзін з прыкладаў.

— Якія першыя прававыя рызыкі ўзнікаюць у экс-палітвязняў адразу пасля выезду з Беларусі?

— Па-першае, людзі не атрымалі шэнгенскія візы. У іх ёсць 14 дзён з моманту ўезду на афармленне легальнага статусу ў Еўрасаюзе. Пасля заканчэння гэтага тэрміну яны становяцца нелегаламі. Я б сказала, што гэта галоўны рызыка, таму цяпер уся наша праца сканцэнтраваная на вырашэнні вось гэтага асноўнага пытання з легалізацыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.