“Людзям патрэбна цяпло”. Як варшаўскі шэлтар прымае беларускіх экс-палітвязняў

Ганна Федаронак у шэлтары "Прытулі мяне"

Ганна Федаронак у шэлтары "Прытулі мяне" / Euroradio

“Не звяртайце ўвагі, у нас тут хаос, як на вайне”, — смеючыся, выбачаецца жанчына, дадому якой я трапляю ў сярэдзіне дня ў нядзелю. Пакой, у які мы ідзём для размовы, сапраўды нагадвае склад: падушкі, коўдры, бялізна, але выбачацца тут няма за што — арандатары дома рыхтуюцца да засялення палітвязняў, якія прыехалі ў Варшаву з Украіны пасля вялікага вызвалення 13 снежня. 

Жанчыну завуць Ганна Федаронак, яна сузаснавальніца фонду “Прытулі мяне”. Разам з адміністратаркай Алесяй яны ўдзвюх кіруюць шэлтарам, які ўжо амаль чатыры гады працуе ў адным са спальных раёнаў Варшавы. 

Ганна Фёдаронак расказала і паказала журналісту Еўрарадыё Тарасу Тарналіцкаму, як працуе ўстанова ў дзень засялення сваіх новых жыхароў.

 

“Я прызвычаілася круціцца ў такім рытме”

— Наш шэлтар — гэта не хостал, тут людзі жывуць бясплатна. У нас ёсць правіла: два месяцы бясплатнага пражывання. Гэтага часу звычайна хапае, каб чалавек змог падацца на легалізацыю, зрабіў неабходныя дакументы, знайшоў працу і першае жытло. Мы засяляем па тры чалавекі ў пакой, каб людзям было камфортна, бо пасля турэмных нараў ім вельмі важна адчуць чалавечыя ўмовы. Максімальна мы можам прыняць 18 чалавек, бо маем толькі два санвузлы і адну агульную кухню.

“Людзям патрэбна цяпло”. Як варшаўскі шэлтар прымае беларускіх экс-палітвязняў
Ганна Федаронак у адным з пакояў шэлтера / Еўрарадыё

Будынак шэлтара мае сваю гісторыю: спачатку тут быў фонд “Краіна для жыцця”, калі пачалася вайна, нашымі першымі жыхарамі сталі мамы з дзецьмі з Украіны. Пасля праз нас праходзілі беларусы, якія ўцякалі з Украіны, а з канца 2023 года мы цалкам сканцэнтраваліся на беларускіх палітвязнях і тых, хто з’язджае праз рэпрэсіі.

Утрымліваць такі дом — гэта вялізныя грошы. Арэнда каштуе 12 тысяч злотых за месяц, і гэта, не лічачы велізарных рахункаў за камунальныя паслугі. Нам вельмі пашанцавала, што зараз нас падтрымлівае Міжнародны гуманітарны фонд (МГФ), які даў фінансаванне на год наперад. Але месца ўсё роўна мала, і мы ўжо сустракаліся з мэрыяй Варшавы, прасілі большы будынак. Яны абяцалі разгледзець гэтае пытанне, але толькі ў 2026 годзе.

Што тычыцца мяне асабіста, то ў фондзе я працую як валанцёр. Каб мець грошы на жыццё, я працую прыбіральшчыцай у офісах пасля асноўнай працы ў шэлтары. Гэта фізічна цяжка, але я прызвычаілася круціцца ў такім рытме.

Я добра разумею гэтых людзей, бо сама прайшла праз тое ж самае. На пачатку 2021 года я ўцякала з Беларусі сярод ночы, мяне вывозілі віцебскія праваабаронцы. У мяне не было з сабой нічога: ні шкарпэтак, ні зменнай бялізны. Я жыла ў Кіеве ў хостале на двух’ярусных ложках па шэсць чалавек у пакоі. У 2020 годзе я сама была “на сутках”, і тых дзён мне хапіла, каб зразумець, што такое быць за кратамі.

На маю думку, пакуль Лукашэнка не перастане гандляваць людзьмі, наша праца будзе патрэбная. У яго ў Беларусі яшчэ засталося мільёнаў сем “тавару”, і з такімі маньякамі можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы.
 

“Ваенны рэжым” падчас прыезду палітвязняў

— Калі стала зразумела, што людзі паедуць і іх трэба будзе сустракаць, мы з маім адміністратарам Алесяй былі ў Вільні [на цырымоніі ўзнагароджання] па асабістым запрашэнні Святланы Ціханоўскай. Вераніка Станкевіч з арганізацыі “Вольныя” напісала нам: “Дзяўчаты, едзьце”, бо трэба было рыхтавацца да засялення.

“Людзям патрэбна цяпло”. Як варшаўскі шэлтар прымае беларускіх экс-палітвязняў
Адзін з пакояў шэлтара для экс-палітвязняў / Еўрарадыё

Мы вярнуліся ў чацвер позна ўвечары і з таго часу ўжо трэція суткі працуем у “ваенным рэжыме”. У шэлтары заўсёды нехта жыве, таму нам давялося тэрмінова вызваляць месцы: тых, у каго ўжо сканчаўся двухмесячны тэрмін пражывання, мы папрасілі з’ехаць. Пакінулі толькі сям’ю з трохгадовым дзіцем і трох хлопцаў, якія нядаўна выйшлі пасля чатырох гадоў калоніі.

Гэтае вызваленне не было для нас нечаканасцю — мы яго чакалі і прадчувалі. Зараз усе праваабарончыя арганізацыі працуюць вельмі зладжана: адны сустракаюць, другія аказваюць юрыдычную дапамогу, а наш абавязак — даць гэтым людзям дах над галавой.
 

“Людзі больш за ўсё хочуць проста абдымацца”

Пакуль наш фонд знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі ў судзе, у нас няма афіцыйнага рахунку, таму я проста напісала ў Facebook, што нам патрэбная дапамога — і водгук беларусаў быў неймаверным. 

Людзі вязуць усё: коўдры, падушкі, прадукты. Учора нам прывезлі яшчэ адну лядоўню, і цяпер яны ўсе запоўненыя ежай.

Дапамагаюць і вядомыя людзі, і былыя жыхары шэлтара. Павел Латушка асабіста заказаў для нас 10 камплектаў пасцельнай бялізны, а музыка Піт Паўлаў абяцаў правесці кватэрнік перад Новым годам.

Мой сябар Дзяніс арганізуе для былых палітвязняў лазню з венікамі. Мяркую, што тут, як у прымаўцы: “Госця напаі, накармі, у баньцы папар, а потым ужо пра справы пытай”. 

“Людзям патрэбна цяпло”. Як варшаўскі шэлтар прымае беларускіх экс-палітвязняў
Склад з бялізнай шэлтера / Еўрарадыё

Хлопцы, якія жылі ў нас раней, таксама падтрымліваюць: Глеб, які зараз жыве ў Гданьску, прыехаў папіць гарбаты і пакінуў сто злотых, а Мікалай, які працуе на будоўлі і мае траіх дзяцей, прывёз муку, цукар і кансервы. Гэтая салідарнасць проста вяртае да жыцця і прымушае паверыць у нешта чалавечнае.

Нягледзячы на вялікую колькасць прывезеных рэчаў, некаторыя пытанні застаюцца незакрытымі. Вось тое, чаго нам не хапае зараз:

  • Мужчынская вопратка і абутак. У нас ёсць склад, але там пераважна жаночыя рэчы, а мужчынскай адзежы няма зусім, пры гэтым многія людзі прыязджаюць наогул без рэчаў.
  • Сушылкі для бялізны. Нам трэба неяк сушыць вялікую колькасць пасцелі і адзежы.
  • Прадукты на перспектыву. Хоць цяпер лядоўні поўныя, людзі будуць жыць у нас два месяцы. Тыя грошы, што ім збіраюць праваабаронцы, мы просім іх не траціць, а адкладаць на будучае жытло, таму харчаванне мы спрабуем забяспечыць самі праз дапамогу людзей.
  • Асабістыя лекі. Мы пакуль толькі засяляемся і яшчэ не ведаем усіх патрэбаў па здароўі, але лекі могуць спатрэбіцца пазней.

А яшчэ людзі больш за ўсё хочуць проста абдымацца — ім вельмі важна адчуць, што іх тут чакалі і яны патрэбныя.
 

“Адчула, што яна насамрэч жыве”

— Працаваць [у шэлтары] псіхалагічна вельмі цяжка. Кожны новы чалавек прывозіць свой боль. Бывае, мужчыны сядзяць насупраць, распавядаюць сваю гісторыю і плачуць, і я плачу разам з імі.

“Людзям патрэбна цяпло”. Як варшаўскі шэлтар прымае беларускіх экс-палітвязняў
Адзін з пакояў шэлтара для экс-палітвязняў / Еўрарадыё

Але бачыць, як людзі змяняюцца да лепшага — гэта шчасце. Вось быў у нас Дзіма, яму 53 гады. Ён прыехаў такі разгублены, што, калі я сказала слова “пэсэль” (PESEL — асабісты ідэнтыфікацыйны нумар для жыхароў Польшчы), ён глядзеў на мяне як на іншапланецяніна. А праз два месяцы яго не пазнаць: працуе ў аўтасэрвісе, зняў пакой і чакае прыезду сям’і.

Або Таня Крапіневіч, “настаўніца года Беларусі”. Яна казала, што толькі на пяты дзень пасля выхаду з шэлтара, ідучы па вуліцы пад сонцам, адчула, што яна насамрэч жыве. Зараз яна выкладае матэматыку ў польскай школе і размаўляе па-польску лепш за мяне.
 

Увага спецслужбаў і асабістая бяспека

— Наш шэлтар — гэта закрытая тэрыторыя, ключы ёсць толькі ў жыхароў, бо бяспека палітвязняў для мяне прыярытэт. Але я не маю ілюзій: спецслужбы выдатна ведаюць наш адрас. Калі ў маіх сваякоў у Беларусі былі ператрусы, па тэлебачанні паказвалі сюжэт пра “начлежку Ганны Федаронак у Варшаве”. На мяне там заведзена ўжо 19 крымінальных спраў, мой дом і маёмасць пад арыштам.

Са мной спецслужбы наўпрост не кантактуюць. Яны ведаюць, што ў мяне “доўгі язык” і я ніколі не буду маўчаць, адразу ўсё выкажу. Яны перадавалі праз знаёмых, каб я “закрыла рот”, але я ў вольнай краіне і буду казаць тое, што хачу. Я не баюся іх сачэння, бо не лічу іх такімі ўжо магутнымі ці разумнымі — у іх проста не хапае грошай сачыць за кожным.