Як арганізаваная дапамога вызваленым палітычным вязням у Варшаве
Вызваленыя палітвязні / Euroradio
Вызваленыя палітвязні ўначы 18 снежня ў поўным складзе выехалі з Украіны. Частка групы паехала ў Вільню, большасць спынілася ў Варшаве.
Еўрарадыё сустракала беларусаў, якіх дэпартавалі з краіны, і даведалася, у якім стане яны знаходзяцца і як будзе арганізаваная ім далейшая дапамога.
"Я шчаслівая, таму што жыву сярод гэтага народа"
У Варшаве раніцай спыніліся некалькі аўтобусаў. Адтуль выйшлі Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Марына Золатава, Аляксандр Фядута і многія іншыя ўжо свабодныя людзі.
Фядута, адказваючы на пытанне, як яны [палітвязні] перажылі прэс-канферэнцыю ва Украіне, сказаў, што нічога не каментуе, "асабліва прэс-канферэнцыю ва Украіне".
— Вельмі прашу, не задавайце нам ніякіх пытанняў, акрамя стану здароўя, таму што сёння мы яшчэ нічога не ведаем.
Гэтае ж пытанне задалі і Віктару Бабарыка, у адказ — ён развёў рукамі.
Былая палітзняволеная Алена Гнаўк прызналася, што ў гэты дзень яна вельмі шчаслівая.
— Я шчаслівая, бо жыву сярод гэтага народа. Гэта адзіны народ, які выйшаў на вуліцу, які пасля сябе збіраў смецце, такога не было ні ў воднай краіне свету. Таму я думаю, што хутка гэтага смецця не будзе не толькі на вуліцах, але і ў нашых душах.
"Практычна ва ўсіх праблемы з зубамі"
У будынку Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве, куды прывезлі людзей, да самай раніцы працаваў каардынацыйны штаб.
А сёмай раніцы тут яшчэ заставаліся ўжо былыя палітвязні. Іх кансультавалі па ўзнікаючых пытаннях, працаваў медкабінет і псіхолаг.
Сярод лекараў там былі Станіслаў Салавей і Рустам Айзатулін, які распавядае пра стан здароўя людзей.
— Практычна ва ўсіх праблемы з зубамі. Практычна ва ўсіх праблемы з буйнымі суставамі, таму што гэта праца на холадзе. Ва ўсіх запалёныя суставы, ва ўсіх абвостраныя хранічныя захворванні: гастрыты, сардэчна-сасудзістыя захворванні, трамбозы. У людзей, якія пасля аперацый яшчэ да патрапляння ў калонію — якія-небудзь пратэзы, таксама ніхто нічога не правяраў. Са спінамі таксама ва ўсіх праблемы.
Айзатулін кажа, што ёсць адзін чалавек, якога перад вызваленнем збілі і зламалі шыю.
— Ён насіў гіпсавы гарсэт тры тыдні, і цяпер яго знялі, бо гіпс, перад тым як чалавека выпусцілі з калоніі, намок.
"Ніхто не застанецца праз тры дні на вуліцы"
Сустракаць палітвязняў у Варшаве планавалі ўжо вельмі даўно, усе валанцёры былі гатовыя, кажа каардынатарка ініцыятывы "Вольныя" Вераніка.
— Мы былі гатовыя, напэўна, месяцы паўтара-два. Адзінае, мы меркавалі, што асноўнай кропкай прыёму будзе Вільня. Натуральна, у Варшаве таксама паралельна рыхтавалі інфраструктуру, таму, калі нам сказалі, што прымаецца 90 чалавек, гэта не стала такім вялікім ударам.