Што гэта было? Разбор інтэрв’ю Бабарыкі Золкіну ад медыяэксперта

Бабарыка і Золкін

Бабарыка і Золкін / кадр з інтэрв'ю на YouTube

16 снежня ў сеціве з’явілася інтэрв’ю Віктара Бабарыкі з вядомым украінскім блогерам Уладзімірам Золкіным. Хтосьці застаўся незадаволены адказамі Бабарыкі, а хтосьці перакананы, што Золкін не павінен быў задаваць такія пытанні чалавеку, які толькі-толькі выйшаў з-за кратаў.

Прааналізаваць гэтую гутарку мы папрасілі старэйшага аналітыка Media IQ і медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага.

Гутарка мела прыкметы вельмі жорсткага інтэрв'ю

Уладзімір Золкін — украінскі блогер, які здымае інтэрв’ю з расійскімі ваеннапалоннымі. На думку нашага эксперта, ён не працуе паводле журналісцкіх стандартаў, але, безумоўна, з’ўляецца часткай інфармацыйнай вайны, якую Украіна вядзе с Расіяй.

— Ён мог скарыстацца службовым становішчам, каб папрасіць магчымасці для такога інтэрв’ю [з Бабарыкам. — Еўрарадыё]. Але я не магу сказаць, што гэта абсалютна надзвычайная сітуацыя. Ці меў ён магчымасць ціснуць на Бабарыку? Я не ведаю. Ці мог Бабарыка адмовіцца? Я не ведаю. Ці было зразумела Бабарыку, што ён размаўляе з чалавекам, які можа задаваць вельмі жорсткія пытанні? Мяркую, што пасля прэс-канферэнцыі гэта было зразумела, бо Золкін задаваў пытанні і там.

Што гэта было? Разбор інтэрв’ю Бабарыкі Золкіну ад медыяэксперта
Віктар Бабарыка і Уладзімір Золкін / @VolodymyrZolkin

На думку Быкоўскага, гэтая гутарка дакладна мела прыкметы вельмі жорсткага інтэрв'ю, скіраванага на атрыманне адназначных адказаў.

 — Тое, што Бабарыка казаў, што не знаходзіцца ў кантэксце, што не ведае і г. д., не спыняла Золкіна — гэта вельмі падобна на спробу праверыць “свой ці чужы”. Можна сказаць, гэта быў эмацыйны ціск, прынамсі падчас прэс-канферэнцыі, калі Золкін задаваў пытанні, спачатку апісаўшы ваенныя злачынствы расійскіх акупантаў, а Бабарыка, відавочна, не быў гатовы ацэньваць гэты кейс, бо шмат часу знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада. Бабарыка шмат разоў кажа, што не ведае сітуацыі. Тым не менш, Золкін крытыкуе суразмоўцу за адсутнасць выразнай пазіцыі.

Эксперт разважае, што Золкін дае вельмі шмат ацэнак, і такі падыход, хутчэй, можа разглядацца, як аўтарскі.

— Калі браць журналісцкія стандарты, то я б сказаў, што яны тут парушаюцца, бо нельга патрабаваць адказаў на пытанні, на якія суразмоўца ўжо адказаў, што не мае інфармацыі.

Ці нармальна было праводзіць прэс-канферэнцыю на наступны дзень?

Быкоўскі мяркуе, што размова з Золкіным, хутчэй за ўсё, адбылася 14 снежня — пасля прэс-канферэнцыі. А 15 снежня ў Бабарыкі і іншых палітвязняў была размова з Зяленскім, дзе пазіцыя былога банкіра адносна расійскай агрэсіі і тое, што Украіна з’яўляецца ахвярай, ужо была больш выразнай.

Што гэта было? Разбор інтэрв’ю Бабарыкі Золкіну ад медыяэксперта
Прэс-канферэнцыя вызваленых палітвязняў у Чарнігаве / LookByMedia
Што гэта было? Разбор інтэрв’ю Бабарыкі Золкіну ад медыяэксперта
Віктар Бабарыка ў Чарнігаве падчас прэс-канферэнцыі / LookByMedia

— Па-першае, калі Золкін кажа, што пазіцыя “не ўсё так адназначна” робіць чалавека “тухлым мясам”, то аднадумцы ў яго знойдуцца. І мы бачым па абмеркаванні ў беларускім Фэйсбуку, што такія выказванні ёсць. Па-другое, палітычныя погляды Бабарыкі ў 2020 годзе — гэта добрае стаўленне да Расії, рынкавай эканомікі і справядлівай судовай сістэмы. Ён разглядаў Беларусь, хутчэй, як край, дзе жыве, а не лічыў сябе яскравым этнічным беларускім палітыкам. А яго прыхільнікамі былі людзі, якія вучыліся ў савецкай школе, расійска-арыентаваныя, якія жывуць у рускім інфармацыйным полі. 

І таму для іх выказванні Бабарыкі будуць цэльнымі і несупярэчлівымі.

Але цяпер, кажа эксперт, агульнае меркаванне будзе складацца паступова: адно выказванне тут, іншае — там.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.