"На шакаладку грошай ужо не хапіла". Як святкавалі Новы год у калоніі і турме

Былыя палітвязні ўзгадваюць новы год у СІЗА, калоніі і турме

Былыя палітвязні ўзгадваюць новы год у СІЗА, калоніі і турме / Euroradio

У кагосьці на навагоднім стале ў калоніі была салата Аліўе, камусьці не хапіла грошай на шакаладку. Досвед свята ў турме, калоніі, СІЗА ва ўсіх быў розным. Толькі пераднавагоднія жаданні — падобныя.

Мы запыталіся ў палітвязняў, якія выйшлі на волю сёлета, якімі былі іх святы ў няволі і якім будзе першы Новы год на волі.
 

Павел Вінаградаў: "Мы з сукамернікам на атаварцы купілі каржоў і зрабілі афігенны торт"

У 2021 годзе Павел Вінаградаў павінен быў быць Дзедам Марозам у дзіцячым садку ў горадзе Беразіно. Але напрыканцы снежня Дзеда Мароза затрымалі. Паўла Вінаградава абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў і адправілі на 5 гадоў у турму строгага рэжыму.

Калі ў дзіцяці пыталіся, дзе яго тата, які так і не стаў дзедам Марозам, ён адказваў: "У турме". А калі пыталіся, за што пасадзілі, дзіця казала; "Ні за што". Дзіця Паўла Вінаградава сустракала Новы год без бацькі чатыры разы.

“На шоколадку денег уже не хватило”. Как встречали новый год в колонии и тюрьме
Павел Вінаградаў з сям'ёй пасля вызвалення / фота з сацсетак Паўла Вінаградава

Вось як гэтыя святы прайшлі для самога Паўла Вінаградава.

— Такім чынам, мяне прывозяць у СІЗА Жодзіна 31 снежня. Еду, думаю: “Ну, блін, цяпер там пацаны накрыюць стол, будзем тэлік глядзець да раніцы, будзе дзвіж-парыж”, які я памятаю яшчэ па Валадарцы (я сядзеў там у 2011 годзе). Думаю: “Зараз паем ікры, чырвонай рыбы”.

Потым мяне заводзяць у маю першую камеру ў СІЗА, і я бачу, што ў людзей там няма не толькі чырвонай рыбы, але нават запалак. Яны дзеляць адну запалку на чатыры часткі лязом, каб яе можна было запаліць чатыры разы, а не адзін. Таму мы папілі маёй гарбаты, мы паелі майго шакаладу, мне далі адну мандарынку (яна ў іх усё ж была) — і ў 10 гадзін мы ўсе ляглі спаць. Вось, так вось я правёў свой першы Новы год у зняволенні, — распавядае Павел.

Наступны год таксама быў запамінальным. Павел лячыўся ад сухотаў у аршанскай ПК-12.

— У адзін цудоўны момант адчыніліся дзверы і асуджаны, які працаваў днявальным, даў мне "падгон ад братвы" на Новы год. Гэта былі невялікі пакунак з кавы, невялікі пакунак з гарбатай, яблычак і дзве цукеркі. Можна было ўзяць яшчэ цыгарэт, але я адмовіўся, таму што ў мяне іх было ў дастатковай колькасці. Я сказаў перадаць іх каму-небудзь іншаму.

Гэта было выключнае мерапрыемства. Я мацёры палітычны, і таму падобныя пазарэжымныя мерапрыемствы кшталту перадачы ад аднаго асуджанага іншаму асуджанаму забароненыя. Але быў Новы год, і ў Воршы на гэта заплюшчылі вочы.

Наступны Новы Год я адзначаў у гродзенскай "крытай" (крытая турма. — Рэд.). Калі я прыехаў, быў снежань. У мяне з сабой была куча ўсяго, мы з сукамернікам на атаварцы купілі каржоў і зрабілі афігенны торт. Сукамернік сядзеў ужо чацвёртую крытую, так што ён па тартах вялікі спецыяліст. А я яму дапамагаў.

Торт быў класны, калі адміністрацыя зайшла з праверкай і ўбачыла торт, то пахваліла і сказала: "Малайцы". Мы паелі торта, папілі газіроўкі, паслухалі радыё — электрычнасць не выключалі.

Чацвёрты Новы год Павел сустракаў у штрафным ізалятары ваўкавыскай калоніі. Калі б у іншы дзень хтосьці са зняволеных наважыўся перадаць яму ў ШІЗА хоць бы цыгарэту, то гэты рызыкоўны чалавек і сам бы надоўга з'ехаў у ізалятар, кажа Павел. Але ў Новы год на гэтыя абмежаванні зноў заплюшчылі вочы — Паўлу цішком перадалі трохі запалак і цыгарэт.

Сёлета Павел нарэшце будзе сустракаць Новы год з сям'ёй.

— Я яшчэ ні разу не еў "Аліўе" і салату з крабавых палачак пасля турмы. Шчыра кажучы, гэта не тое каб такая ўжо смачная ежа. Але яна знакавая, і я яе хачу, але не таму, што я яе вось люблю-люблю, а таму, што проста я даўно яе не еў.

Упрыгожванні на ялінку ўжо купілі, нейкія сняжынкі ўжо паразвешвалі. Новы год святкуецца ў асноўным для дзіцяці. Усё няма часу купіць ялінку, але мы і яе хутка купім.

Наталля Дуліна: "На Новы год дазволілі дзяліцца прадуктамі"

Адбой у калоніі — у 22:00. Але на Новы год дазвалялі пасядзець даўжэй. Яшчэ на Новы год дазвалялі дзяліцца прадуктамі. У іншыя дні ты павінен быў строга прытрымлівацца правіла "усё маё — маё", дзяліцца ежай было строга забаронена.

Але напярэдадні свята ў атрад Наталлі зайшоў аператыўны работнік і сказаў, што ў гэты вечар можна. І жанчыны ў атрадзе дзяліліся. А на наступны дзень дзяліцца ўжо зноў было нельга, узгадвае былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталля Дуліна.

Атрад да Новага года быў упрыгожаны. Тут жаданні зняволеных супадалі з патрабаваннямі адміністрацыі калоніі. Ялінкі, цацкі, "дожджык", сняжынкі на вокнах — усё гэта абавязкова павінна было з'явіцца.

“На шоколадку денег уже не хватило”. Как встречали новый год в колонии и тюрьме
Наталля Дуліна, дацэнтка / viasna96

— Выразалі з паперы Дзядоў Марозаў, зайчыкаў — усё гэта клеілася на вокны. Гэтага было шмат, і была па-сапраўднаму святочная атмасфера.

Так, гэтага патрабавала адміністрацыя, а начальніца атрада была як класная кіраўніца, якая назірае за працэсам. Але гэта не выглядала прымусам. Проста рабілі хто на што здатны. Памятаю, калі надыходзіў год Цмока, дзяўчаты зрабілі прыгожага цмока.

А яшчэ незадоўга да Новага года адна дзяўчына пераапранулася ў Дзеда Мароза, другая ў Снягурку — і яны прыходзілі ва ўсе атрады. Дзесьці 30 ці 31 снежня мы сабраліся ў клубе, там ставілі спектакль, нейкія танцавальныя нумары. Цяпер у мяне ўсё гэта ўжо трохі сцерлася з памяці.

Наталлю Дуліну затрымалі ў 2022 годзе і асудзілі да 3,5 гадоў пазбаўлення волі па двух палітычна матываваных крымінальных артыкулах. Да гэтага цягам года Наталлю чатыры разы судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў. Кожны раз, выходзячы на волю, яна распавядала пра ўмовы ўтрымання і давала інтэрв'ю журналістам. Гэтыя інтэрв'ю суд назваў "садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці". Так дацэнтка мінскага ўніверсітэта апынулася ў калоніі. Яна тройчы сустракала новы год у зняволенні.

Наогул Наталля не вельмі любіць гэтае свята, дома яго практычна не адзначала. Звычайна яны з мужам проста клаліся спаць, а перад сном Наталля доўга чытала кніжку. Святкавалі толькі бяздомныя каты, якія жылі ў двары яе дома.

— Штогод 31 чысла ўвечары я выходзіла іх карміць. Даўжэй з імі сядзела, прыносіла ім цацачных мышак. Некаторыя каты не любяць гуляць, але бываюць і вельмі гуллівыя. І вось я з імі пабольш праводзіла часу ў гэты дзень. А сам Новы год я ўжо даўно не святкую.

Сёлета Наталля будзе не-святкаваць Новы год у Вільні. Улетку яе вывезлі з Беларусі ў складзе групы палітычных вязняў, вызваленых у выніку амерыканска-беларускіх перамоў.

“На шоколадку денег уже не хватило”. Как встречали новый год в колонии и тюрьме
Наталля Дуліна ў Вільнюсе / фота з архіва суразмоўніцы Еўрарадыё

Чым яна будзе займацца 31 снежня? Наталля спадзяецца, што да Новага года ёй паспеюць прывезці кнігі, якія яна купіла, але не прачытала перад затрыманнем. І тады яе планы на навагодні вечар будуць цалкам пэўнымі.

 

Аляксандр Ярашук: "Трэба пабываць у турме, каб зразумець, як гэтыя "маленькія радасці "змяняюць жыццё"

Упершыню з 2022 года Аляксандр Ярашук нарэшце будзе сустракаць Новы год з блізкімі. Жонка ўжо прыехала да яго ў Літву і, значыць, галоўны падарунак ён ужо атрымаў. А само свята Аляксандр сустрэне ў тым жа доме, у які яго пасялілі адразу пасля вызвалення. Яліну тут паставіць няма дзе, але, можа, знойдзецца месца для яловай лапкі.

— Але самае галоўнае — жонка ўжо некалькі дзён са мной. Дзякуй Богу, сустрэнем святы разам. Гэта самае галоўнае, што мне было трэба.

Аляксандр Ярашук — старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Яго затрымалі вясной 2022 года, і з таго часу ён тройчы сустракаў Новы год не дома. Адзін раз — у СІЗА, двойчы — у крытай турме.

Ён быў адным з апошніх, хто сустракаў Новы год на Валадарцы. Усіх зняволеных адтуль ужо перавялі ў новы будынак следчага ізалятара. Пра Валадарку ў Аляксандра засталіся добрыя ўспаміны — пад Новы год у камеры была прыемная кампанія.

— Маладыя хлопцы, у асноўным палітычныя. Тады яшчэ можна было адправіць перадачу ў СІЗА, і таму ў нас пад Новы год быў нават торт. Стол быў раскошным нават па мерках волі. Мы, здаецца, усю ноч не спалі, сустрэлі весела і дружна. А далей усё было зусім інакш, таму што наступныя два святы я сустрэў на "крытцы" ў Магілёве.

"Крытка" — крытая турма. Навагодні стол у камеры быў сціплым. Калі ты "на крытцы", то кожны месяц можаш купіць тавараў максімум на адну базавую велічыню. Гэта крыху больш за 40 рублёў. На гэтую суму вялікі стол не накрыеш, галоўнае — здабыць кавы.

— Што яшчэ? Можна было купіць печыва, якія-небудзь цукеркі фабрыкі "Спартак". Быў яшчэ мармелад. Вядома, усё ў сціплых аб'ёмах. Шакалад? На шакалад грошай ужо не хапіла, шакалад моцна падаражэў.

“На шоколадку денег уже не хватило”. Как встречали новый год в колонии и тюрьме
"Трэба пабыць у тых умовах, каб зразумець, як гэтыя маленькія радасці робяць чалавека шчаслівым" / unsplash

Летась Аляксандра ў навагоднюю ноч пазбавілі нават кампаніі. Стол быў сціплы, затое за ім павінна было сабрацца чатыры чалавекі. Але напярэдадні свята двух забралі "за міжкамерную сувязь" і перавялі ў іншую камеру, падалей. Так сцэнар свята разваліўся.

Персанал турмы віншаваў зняволеных са святамі і нават дазваляў класціся спаць пазней звычайнага графіка. Можна было праседзець да гадзіны ночы, а не да 22:00, як звычайна. Але сядзець без кампаніі не хацелася.

— Настрой быў сапсаваны, у камеры мы засталіся ўдвух. Нават не чакалі, калі надыдзе Новы год. А дзясятай ляглі спаць — на гэтым сустрэча Новага года скончылася.

Ніхто, вядома, не настойваў, каб мы сядзелі да гадзіны. Крытая турма — гэта такое месца, дзе адэкватныя сядзяць з неадэкватамі. Можна патрапіць у камеру з чалавекам, які забіў уласных дзяцей або бацькоў. А любое святкаванне звязана з эмоцыямі, таму ў любы момант можа адбыцца што заўгодна. Таму, калі абіраеш легчы да паўночы, адміністрацыя толькі радая.

Аляксандр павінен быў выйсці з турмы ў лістападзе гэтага года. Але ён не быў упэўнены, што па заканчэнні тэрміну сапраўды апынецца на волі, хоць, вядома, і загадваў гэтае жаданне ў навагоднюю ноч. Ён ведаў, што ў Беларусі палітвязням любяць "дадаваць" тэрмін, і ты ніколі не ведаеш, калі ўбачыш волю.

— Я думаў, што, хутчэй, не выйду ў лістападзе, чым выйду, — кажа Аляксандр Ярашук. — Але выйшаў 11 верасня. Будзем лічыць, маё пераднавагодняе жаданне спраўдзілася.

Спадара Аляксандра вызвалілі сёлета ў верасні пасля перамоў амерыканскай дэлегацыі з Аляксандрам Лукашэнкам. У яго ўсё яшчэ няма ніякіх дакументаў. Ён усё яшчэ не вельмі добра сябе адчувае. На наша прамое пытанне адказвае: "Не хачу казаць, што самаадчуванне добрае, гэта было б, напэўна, трохі залішне аптымістычна".

“На шоколадку денег уже не хватило”. Как встречали новый год в колонии и тюрьме
Аляксандр Ярашук / фота з архіва суразмоўніка Еўрарадыё

Затое ён нарэшце сустрэне свята з блізкімі. Што будзе на навагоднім стале ў гэтым годзе? Аляксандр смяецца.

— Мы меню яшчэ не складалі, але стол дакладна будзе адрознівацца ад леташняга. Усе маленькія радасці (мы так гэта называлі ў турме) будуць на стале. Трэба пабываць у тых умовах, каб разумець, як гэтыя маленькія радасці робяць чалавека шчаслівым.

Ну а што менавіта на гэтым стале будзе, мы з жонкай вырашым. Вось у мяне ўжо зараз слінкі цякуць!

Для гэтай навагодняй ночы засталося яшчэ адно жаданне — вярнуцца дадому.

— І я жадаю сабе і ўсім беларусам, каб доўгачаканыя перамены нарэшце здарыліся, і мы маглі спакойна жыць там, дзе захочам.

 

Яўген Меркіс: “Усе мужчыны ў калоніях становяцца кухарамі, якія ведаюць, як зрабіць торт і салату Аліўе”

Журналіст і грамадскі актывіст Яўген Меркіс вывучае свет вакол сябе. Жартуе, што яго старонка ў Інстаграм напоўненая самымі банальнымі здымкамі. Тое, што большасць беларусаў у эміграцыі ўжо перажылі і сфатаграфавалі, у яго ўсё яшчэ выклікае здзіўленне. Ён адзін з тых, хто выйшаў на волю і быў дэпартаваны з краіны 11 верасня.

Цяпер ён назірае, як свет рыхтуецца да свята. Можа, і ён сам падрыхтуецца.

“На шоколадку денег уже не хватило”. Как встречали новый год в колонии и тюрьме
Яўген Меркіс / фота з архіва суразмоўніка Еўрарадыё

— Можа быць, знайду ялінку, каб трохі з'явіўся гэты перадкалядны і навагодні настрой. Паглядзім, — кажа ў размове з Еўрарадыё былы палітвязень.

Для яго Новы год заўсёды быў сямейным святам. Гэта быў дзень, калі можна адключыцца ад працы і грамадзянскай актыўнасці і нічога не рабіць.
“Новы год быў у мяне заўсёды як у цюленя. Сядзець, ляжаць, нічога не рабіць”, — смяецца Меркіс.

На апошні мірны Новы год Яўген прыгатаваў мяса па-велінгтонску і сустрэў свята са сваёй жанчынай. А на наступныя ён мог толькі ўспамінаць гэтае свята, седзячы ў СІЗА і калоніі.

— Памятаю, як мы з хлопцамі дзякуючы перадачам здолелі адкласці нейкія прадукты і зрабілі сабе добры стол: і канапкі, і салату, і Кока-колу паставілі, якую набылі ў мясцовай “сізашнай” краме. Мы святкавалі, але спаць усё роўна давялося ісці а 22-й гадзіне, так заведзена.

А наступныя два Новыя гады я “святкаваў” у шклоўскай папраўчай калоніі № 17. Адзінае адрозненне ад СІЗА — класціся спаць мы маглі аж аб 11-й гадзіне вечара. Пры жаданні можна было ціхенька ў так званым “ленпакоі” паглядзець навагоднія праграмы.

У калоніі Новы год святкавалі хто як мог. Тыя, хто мог сабе дазволіць, гатавалі самыя разнастайныя салаты. Вядома, рабілі і тарты. Усе мужчыны ў калоніях становяцца кухарамі, якія ведаюць, як зрабіць самы смачны торт і самую смачную салату на свеце.

Для мяне абавязковай умовай была салата Аліўе. Менавіта гэтая салата асацыюецца са святам. Не мандарынкі, а менавіта салата Аліўе. Гатаваць яе (акурат як і смажыць дранікі) я ўмею з дзясятага класа. У гэтым плане я такі тыповы постсавецкі беларус.

У калоніі Яўген салату пад Новы год не наразаў. Ён схітрыў і набыў у краме ўжо гатовую Аліўе — 200-300 грамаў.

“На шоколадку денег уже не хватило”. Как встречали новый год в колонии и тюрьме
Салата Аліўе, фота ілюстрацыйнае / Euroradio

Тое, як ты сустрэнеш свята ў калоніі, моцна залежыць ад таго, ці пашанцавала табе з атрадам, кажа Яўген. І больш за ўсё, уласна, яму пашанцавала з атрадам мінулым годам, свята атрымалася вельмі цёплым.

— Там былі хлопцы, з каторымі можна было паразмаўляць, якія цябе разумелі і маглі падтрымаць. Мы былі плюс-мінус на адной хвалі. На іншыя святы вялікіх кампаній мы не збіралі, бо гэта было небяспечна, магло выклікаць пытанні. А на Новы год атрымалася сабрацца і пагаварыць.

Палова мары, якую Яўген загадаў на мінулы Новы год, ужо спраўдзілася. Яго жаданнем была воля.

— І асабістую свабоду, дзякую Богу, я ў гэтым годзе атрымаў у верасні. Дзякуй лёсу і ўсім, хто да гэтага спрычыніўся. Другой часткай жадання была свабода для Радзімы.

А сёлета? Пад Новы год мне больш за ўсё хочацца пабыць з сям'ёй. Гэта пакуль немагчыма.

Спадар Яўген раіць не забывацца на палітвязняў, якія нечакана для сябе ў гэтыя дні апынуліся ў новых, невядомых для іх краінах. Вашая дапамога можа спатрэбіцца ім не наўпрост цяпер, а праз месяц ці два.

— Проста пастаўце сабе таймер, калі вы ведаеце некага з гэтых людзей, і пішыце ім раз на два месяцы. Задавайце самыя банальныя пытанні ці проста спытайцеся: “Слухай, а як ты там?”

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.