Віктар Бабарыка вяртаецца ў палітыку
Віктар і Эдуард Бабарыка / фота з сацсетак Віктара Бабарыкі
Былы палітвязень і патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года Віктар Бабарыка вяртаецца ў палітыку. Ён апублікаваў вялікі пост са сваім бачаннем сітуацыі ў Беларусі ў сацыяльных сетках. У гэтай публікацыі Бабарыка прызнаў, што пасля вызвалення ўбачыў "сутнасна зменены свет".
"Знікла разнастайнасць “колераў”, якімі людзі ганарыліся і знаходзілі ў гэтым радасць жыцця. Засталося толькі белае або чорнае, свой ці чужы, сябар ці вораг. Дамінуюць прынцыпы: “хто мацнейшы, той і правы”. <…> Як вынік трыумфу такіх правілаў — развязванне Расіяй вайны, ад якой цяпер церпіць украінскі народ, і наша краіна апынулася саўдзельніцай агрэсара", — піша Бабарыка.
Ён узгадвае праблему падзелу беларусаў на "з'ехаўшых" і "застаўшыхся" і прызнае ролю Расіі ў захаванні існуючага рэжыму ў краіне.
"Няма адзінага меркавання Еўропы адносна Беларусі і яе магчымасцей падтрымліваць рух да ажыццяўлення неабходных змен. А без супрацьвагі “усходняму суседу” практычна немагчыма забяспечыць дасягненне гэтых змен. Гэта ярка паказаў 2020 год, калі мы былі вельмі блізкія да магчымасці рэалізаваць нашу праграму перамен, але менавіта дзеянні Расіі сталі галоўным “аргументам” у барацьбе рэжыму тады і застаюцца яго апорай сёння", — піша Бабарыка.
Бабарыка прызнае, што пакуль у яго няма дакладнага плана дзеянняў, але абвяшчае, што пачынае "рух у напрамку яго фарміравання".
"Галоўнае не тое, хто будзе прэзідэнтам Беларусі і якая будзе наша новая Беларусь. Галоўнае — стварыць умовы, пры якіх беларусы самі змогуць вырашаць гэтыя і іншыя важныя для іх пытанні, што вызначаюць лёс кожнага персанальна і агульны для беларусаў", — завяршае Бабарыка свой зварот да беларусаў.
У 2020 годзе палітык планаваў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, але беларускі суд асудзіў Віктару Бабарыку да 14 гадоў калоніі. Ён быў вызвалены ў выніку беларуска-амерыканскіх перамоваў і дэпартаваны з краіны. Цяпер Бабарыка жыве ў Германіі. На фота пад публікацыяй з зваротам Бабарыка паказаны разам з сынам Эдуардам, які застаецца ў беларускай калоніі.