Бабарыка не адказаў на пытанне "Чый Крым?"

Віктар Бабарыка і Уладзімір Золкін

Віктар Бабарыка і Уладзімір Золкін / кадр з інтэрв'ю на YouTube

Віктар Бабарыка заявіў, што не гатовы публічна адказваць, чый Крым, і назваў гэта "вельмі складаным пытаннем". Такі адказ ён даў у інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту і відэаблогеру Уладзіміру Золкіну.

"Калі звяртацца да гісторыі, гэта наогул цемра такая, што на гэтае пытанне я не гатовы адказаць. Таму што за мой адказ, па-мойму, яшчэ 2020 года мяне раскрытыкавалі за няведанне гісторыі, таму я змоўк і сказаў: "Не ведаю".

Пасля гэтага экс-палітвязень стаў разважаць, што ў пытанні аб прыналежнасці Крыма ёсць і юрыдычныя, і гістарычныя моманты. Ён згадаў пра рэферэндум, якія Расія правяла ў Крыме 16 сакавіка 2014 года пасля захопу, і пагадзіўся з Золкіным, што можна казаць пра юрыдычную неабгрунтаванасць гэтага акту.

Пасля гэтага Бабарыка дадаў, што яму "вельмі складана каментаваць узаемаадносіны суседзяў". Ён заявіў, што ў гэтым пытанні не займае нічый бок.

Раней у інтэрв'ю ён адмовіўся адказаць, хто з'яўляецца агрэсарам у расійска-ўкраінскай вайне. Паводле Бабарыкі, у яго недастаткова інфармацыі, каб скласці ўласнае меркаванне наконт гэтага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.