Бабарыка — новы лідар? Што яму для гэтага трэба зрабіць? Меркаванне

Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка / LookByMedia

— Бабарыка ў свой час падняў вельмі многіх людзей, ён быў надзвычай папулярным і адыгрываў вялікую ролю. Але тут ключавое слова — "быў", — нагадвае экспертка па міжнароднай палітыцы Роза Турарбекава. — Мы цяпер успрымаем іх як лідараў, хоць сеткавымі лідарамі яны ўжо не з’яўляюцца. Чаму? Таму што пяць гадоў яны знаходзіліся па-за кантэкстам і па-за павесткай.

У эфіры Еўрарадыё экспертка разважала пра будучыню вызваленых палітвязняў Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі, а таксама адказала на пытанне, чым іх дзейнасць у Германіі можа быць карыснай для беларускага дэмакратычнага руху.

— Лукашэнка трымаў іх у рэжыме інкамунікада — і гэта рабілася не толькі для фізічнага ціску. Гэта быў усвядомлены метад абмежавання людзей і пазбаўлення іх лідарскіх магчымасцяў.

Таму, каб аднавіць тое лідарства, якое было бясспрэчным у 2020 годзе, сёння неабходна вельмі сур’ёзна папрацаваць над сабой. Павестка за гэты час моцна змянілася. Беларуская дэмакратычная супольнасць сышла далёка наперад — неважна, як гэта назваць: наперад, углыб ці ўбок. Факт у тым, што яна сышла. І цяпер мы бачым дысананс, пра які я гаварыла даўно. Менавіта з гэтага дысанансу і ўзнікае расчараванне ў многіх, — сцвярджае Роза Турарбекава.

— Я заўсёды падкрэслівала: не трэба расчароўвацца, трэба зразумець, у якім стане знаходзяцца гэтыя людзі. Але на сёння яны ўжо не з’яўляюцца тымі фігурамі, якімі былі ў 2020 годзе. Тады — так, магчыма. Але нельга ўспрымаць гэта як канстанту. За пяць гадоў, як я ўжо неаднаразова казала, свет фактычна перавярнуўся з ног на галаву, — нагадвае экспертка.

Бабарико — новый лидер? Что ему для этого надо сделать? Мнение

— Разам з тым у Германіі ёсць беларуская дыяспара — даволі інтэлектуальная, хоць і не масавая. І я спадзяюся, што праз яе можна будзе аказваць пэўны ўплыў на нямецкі ўрад, перш за ўсё ў пытанні бачнасці Беларусі. Таму што галоўная праблема ў Германіі сёння — гэта менавіта адсутнасць бачнасці беларускай тэмы.

Германія — цэнтральнаеўрапейская краіна і эканамічна вельмі моцны гулец, але беларуская павестка там знаходзіцца далёка не на першых ролях, а яе бачнасць цяпер нават зніжаецца. Калі Бабарыка і Калеснікава змогуць выкарыстаць свае магчымасці для ўмацавання гэтай бачнасці, гэта будзе вельмі добра.

Галоўнае, каб усё гэта рабілася ў адным кірунку: умацаванне бачнасці Беларусі як краіны, тэма палітвязняў, пытанне незалежнасці Беларусі, падтрымка культурных і адукацыйных ініцыятыў — усяго таго, чым ужо займаецца беларуская дыяспара. І, безумоўна, асобна павінна заставацца ключавая тэма — вызваленне палітычных зняволеных, — падсумавала Роза Турарбекава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.