Лабковіч распавёў пра катаванні ў калоніях за згадкі ў СМІ

Уладзімір Лабковіч

Уладзімір Лабковіч / LookbyMedia

“Я лічу, што тыя ўмовы, у якіх знаходзіліся палітычныя вязні, я ў прыватнасці, гэта безумоўна катаванні ва ўсіх сэнсах, нават не трэба ў гэтым сумнявацца”, — распавёў экс-палітвязень і праваабаронца “Вясны” Уладзімір Лабковіч. Так ён адказаў на пытанне пра ўмовы ўтрымання вязняў у месцах зняволення падчас прэс-канферэнцыі з былымі палітвязнямі ў Вільні.

— Умовы былі надзвычай цяжкія. Я шмат у якіх месцах пабываў, мяне “пакаталі” па краіне. Напрыклад, у калоніі № 17 начальнік адразу сказаў, маўляў, ведаеш, што твае сябры на волі робяць з цябе “сакральную ахвяру” і мы ім дапаможам у гэтым ва ўсім?! “Раз яны вырашылі, што ты будзеш сакральнай ахвярай, значыцца, нам трэба адпавядаць гэтаму, мы ўсё зробім”.

Формула простая: калі ўзгадваюць пра цябе — мы проста пеленгуем інтэрнэт — адна згадка ў прэсе, незалежна дзе, і ты адразу едзеш у ШІЗА. Згадак было шмат. ШІЗА таксама хапала.

Лабковіч дадаў, што цяжка перажываў гэтыя сітуацыі, бо штрафны ізалятар (ШІЗА) — гэта вельмі халодныя адзіночныя камеры, у якіх цябе могуць пакінуць на шмат тыдняў запар. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.