Экс-палітвязняў вывозяць з Украіны ў Польшчу і Літву — Офіс Ціханоўскай
Палітвязні пасля прыезду ва Украіну / Хочу жить
Экс-палітвязняў, якіх рэжым Лукашэнкі выштурхнуў ва Украіну, перавозяць у краіны Еўрасаюза. Дэталі ў гутарцы з выданнем "Зеркало" паведаміў дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
Паводле яго, вывезці людзей плануецца ў Польшчу і Літву: "Магу пацвердзіць, што план палягае ў тым, каб групы прыехалі ў абедзве гэтых краіны. Будзем сустракаць іх і ў Польшчы, і ў Літве. Як толькі будзе вядомы дакладны дзень і час прыезду, мы паведамім пра час і месца, дзе можна будзе сустрэць нашых палітвязняў".
Кучынскі дадаў, што падрабязнасці пераезду не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі. "Давайце не будзем забываць, што Украіна знаходзіцца ў стане поўнамаштабнай вайны з Расіяй, таму па дамоўленасці з нашымі ўкраінскімі ды іншымі партнёрамі мы б не хацелі абмяркоўваць дэталі. Аднак як толькі нашы беларускія героі апынуцца на тэрыторыі Еўрасаюза, мы раскажам усе падрабязнасці", — сказаў ён.
Прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў заявіў, што палітвязні ўжо знаходзяцца па дарозе ў польшчу. Іх прыбыццё ў Варшаву чакаецца ўвечары 17 снежня.
13 снежня рэжым Лукашэнкі выпусціў на волю 123 вязняў — пераважна палітычных. Сярод іх былі як грамадзяне Беларусі, так і іншых дзяржаваў. 114 чалавек былі вывезеныя ва Украіну (у тым ліку пяцёра ўкраінцаў), а астатнія — у Літву. Паведамлялася, што вязняў выштурхнулі за межы Беларусі без дакументаў.