Дачка Анджэя Пачобута ў Еўрапарламенце гаварыла пра бацьку і Мікалая Статкевіча

Яна Пачобут у Еўрапарламенце

Яна Пачобут у Еўрапарламенце / скрыншот трансляцыі

16 снежня ў Еўрапаламенце на цырымоніі ўзнагароджання прэміяй Сахарава выступіла Яна Пачобут — дачка беларускага журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута. Менавіта яе бацька стаў сёлета лаўрэатам прэміі разам з грузінскай журналісткай Мзіяй Амаглабелі.

"Для нашай сям'і гэта вельмі эмацыйны момант. Амаль пяць гадоў мая сям'я жыве ў цішыні, нявызначанасці і адсутнасці таго, каго мы любім. Я хачу падзякаваць Еўрапарламенту за тое, што вы памятаеце яго і ўсе сем'і, якія жывуць з такімі ж неадказанымі пытаннямі", цытуе Deutsche Welle выступ Яны Пачобут.

Дзяўчына адзначыла, што Анджэй Пачобут не толькі публічная асоба, а таксама яшчэ і бацька, сын, сябар. І кожны дзень з гэтых пяці гадоў блізкія не ведаюць, ці ў бяспецы ён. "Аднак кожны дзень мы выбіраем надзею, бо надзея — гэта адзіная рэч, якую ў нас не адабралі", — сказала яна.

У сваёй прамове Яна Пачобут згадала пра палітвязня Мікалая Статкевіча, якога вярнулі за краты, калі ён адмовіўся пакідаць Беларусь разам з іншымі вызваленымі палітвязнямі. "Я згадала яго імя сёння не як палітычную заяву, а як напамін пра тое, што за кожнай цішынёй ёсць чалавечае жыццё і сям'я, якая заслугоўвае ведаць праўду. Калі мы гаворым услых гэтыя імёны, яны перастаюць быць статыстыкай, яны зноў становяцца рэальнымі", — растлумачыла дзяўчына.

Анджэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года разам з шэрагам іншых актывістаў польскай меншасці. Сярод абвінавачанняў, якія яму выставілі, было тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.