Беларускі мастак піша карціны нафтай па ільне — і іх можна ўбачыць у Мінску
Выстава "Petroleum" / t.me/artistmio
Беларускі мастак піша карціны нафтай па ільне — і іх можна ўбачыць у Мінску. На незвычайную выставу звярнула ўвагу "Точка".
Кірыл Міхаленка расказвае, што нафта заўсёды была побач з ім. Уся ягоная рэчыцкая сям'я так ці інакш звязаная з чорным золатам.
"Усё, што можна разгледзець на творах, — толькі абстракцыя. Кожны бачыць тое, што ён хоча", — кажа пра свае творы аўтар.
Паводле яго, у свеце з нафтай працуюць толькі чацвёра мастакоў. Гэта вельмі няпростая "фарба": "Нават праз месяц высыхання пах усё роўна застаецца. Але ўжо не такі яркі. Пры стварэнні карцін я выкарыстоўваю рэспіратар, да таго ж у мяне ёсць вялікае памяшканне", — расказвае Міхаленка.
Яго выстава "Petroleum" працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў па вуліцы Някрасава, 3, у Мінску. Паглядзець на працы можна з серады па нядзелю з 12:00 да 20:00. Кошт уваходнага білета — ад 4 да 15 рублёў.