Мадура гатовы да перамоў з ЗША "калі б яны гэтага ні пажадалі"

Нікалас Мадура

Нікалас Мадура / AFP

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура заявіў, што гатовы да перамоў з ЗША па пытаннях наркагандлю і нафты "дзе б яны ні пажадалі і калі б яны ні пажадалі", піша BBC.

Цягам апошніх трох месяцаў амерыканскія войскі наносяць удары па суднах, якія падазраюць у кантрабандзе наркотыкаў праз Карыбскае мора і ўсходнюю частку Ціхага акіяна. Усяго ў межах "вайны з наркотыкамі" адміністрацыі Дональда Трампа было здзейснена больш за 30 нападаў на судны, у выніку якіх загінула больш за 110 чалавек.

Сітуацыя для Мадура, верагодна, ускладнілася на гэтым тыдні. У панядзелак Трамп заявіў, што ЗША нанеслі ўдар па "партовай зоне", якая нібыта звязана з караблямі, што перавозяць венесуэльскія наркотыкі. Паводле дадзеных некалькіх аўтарытэтных амерыканскіх выданняў, удар нанёс беспілотнік ЦРУ. Гэта можа быць першай вядомай аперацыяй ЗША на тэрыторыі самой Венесуэлы. Але Мадура пакуль адмовіўся каментаваць гэтыя звесткі.

Прэзідэнт Венесуэлы адмаўляе, што ён з'яўляецца лідарам наркакартэля, і лічыць, што вайна з наркотыкамі — гэта падстава зрынуць венесуэльскі ўрад і завалодаць вялізнымі запасамі нафты. Эксперты па барацьбе з наркотыкамі адзначаюць, што Венесуэла адыгрывае адносна нязначную ролю ў глабальным наркагандлі. Гэта хутчэй транзітная краіна, у якую перапраўляюцца наркотыкі, вырабленыя ў іншых краінах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.