У візавым цэнтры Італіі памёр чалавек — СМІ

Італьянскі сцяг, ілюстрацыйнае фота

Італьянскі сцяг, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

11 лютага ў візавым цэнтры Італіі памёр адзін з наведвальнікаў. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў адной з галінак чата, дзе абмяркоўваюць падачу дакументаў на Шэнген, заўважыла "Зеркало".

Паведамленне, што каля візавага цэнтра стаіць хуткая і ўсярэдзіну нікога не пускаюць, з'явілася каля 16:00. Адна з удзельніц чата напісала са словаў жанчыны-ахоўніцы, што ў памяшканне нікога пускаць не будуць.

Пазней іншая ў адказ на пытанне, што адбылося, дадала: "Чалавек памёр". Мяркуючы па паведамленнях, стала кепска камусьці з наведвальнікаў цэнтра.

Яшчэ адна са сведак паведаміла, што спрабавалі рэанімаваць, але беспаспяхова, і цяпер чакаюць міліцыю.

У 16:37 з'явілася паведамленне ад адміністратара чата: "Чалавечая смерць мяняе многія планы... Іх можа проста больш не быць".

Адна з удзельніц гутаркі каля 17:00 падзялілася эмоцыямі:

"Мы адны з апошніх, хто цяпер выйшлі з падачы дакументаў. Нас прынялі на верхнім паверсе. Сітуацыя непрыемная, людзі нецярплівыя, многіх не хвалюе чужое гора. Ніхто ні на каго не крычаў, зразумела, што супрацоўнікі былі ў паніцы, усе разгубленыя і ўсхваляваныя. Разумею, што іншагароднім нязручна прыехаць заўтра, ім пайшлі насустрач і выдалі пашпарты. Спрацавалі настолькі аператыўна, наколькі змаглі. Дзесяць хвілін таму толькі прыехала міліцыя, змяніць сёння ўжо нічога б яны не змаглі".

Афіцыйнай інфармацыі ў тэлеграм-каналах Следчага камітэта і ГУУС Мінгарвыканкама пакуль няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.