Украіна ўпершыню ўдарыла па ценявым флоце Расіі ў Міжземным моры — СМІ
Украіна нанесла ўдар па расійскім ценявым флоце ў Міжземным моры / t.me/BILD_Russian
Украіна ўпершыню нанесла ўдар па расійскім ценявым флоце ў Міжземным моры.
Крыніцы ў СБУ расказалі інфармагенцтву Reuters, што быў атакаваны танкер Qendil, які ішоў пад сцягам Амана. Карабель знаходзіўся ў міжнародных водах на паўднёвы захад ад Крыта. У СБУ назвалі аперацыю "новай і беспрэцэдэнтнай".
Паводле інфармацыі BILD, спачатку да танкера наблізілася ўкраінскае судна, з якога спецпадраздзяленне СБУ "Альфа" запусціла разведвальныя і ўдарныя дроны. На апублікаваных кадрах відаць, як на борце адбываецца выбух.
Згаданы танкер знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза і Вялікабрытаніі. У Кіеве заяўляюць, што Расія выкарыстоўвала яго для абыходу нафтавых абмежаванняў і фінансавання вайны. Таксама ў СБУ адзначылі, што ў момант атакі судна не перавозіла нафту, таму ўдар не стварыў пагрозу для экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне.
У СБУ сцвярджаюць, што танкер атрымаў крытычныя пашкоджанні і больш не можа выкарыстоўвацца па прызначэнні. У Кіеве лічаць такія караблі абсалютна легітымнымі цэлямі і не выключаюць, што геаграфія ўдараў будзе пашырацца.
Раней украінцы атакавалі расійскі ценявы флот у Чорным моры з выкарыстаннем марскіх дронаў Sea Baby. Пасля гэтага расійскія нафтавыя танкеры пачалі хадзіць уздоўж берагоў Грузіі ды Турцыі, каб знізіць рызыку нападаў. Іх маршрут павялічыўся прыкладна на 560 кіламетраў (каля 70%).