Расія ў 20-градусны мароз зноў ударыла па ўкраінскай энергетыцы

Кіеў пасля расійскай атакі 3 лютага

Кіеў пасля расійскай атакі 3 лютага / ДСНС Кіева

У ноч на 3 лютага расійскія войскі нанеслі авіяўдар па Украіне. Паведамляецца пра выкарыстанне беспілотнікаў, ракет паветранага і марскога базавання. Такія звесткі перадаюць паветраныя сілы ВСУ, а таксама шэраг маніторынгавых каналаў, адзначае hromadske.ua.

Крылатыя ракеты былі выпушчаныя са стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС з раёна Каспійскага мора. Таксама расіяне выкарысталі, як мяркуецца, балістычныя ракеты "Іскандэр-М"/"С-300", супрацькарабельныя ракеты Х-22/32 і крылатыя ракеты марскога базавання "Калібр".

У Кіеве вядома пра трох пацярпелых. У шэрагу раёнаў былі пашкоджаныя жылыя дамы, дзіцячы садок, аўтазапраўка. Украінская служба Бі-Бі-Сі перадавала, што пасля першых удараў па Кіеве балістычнымі ракетамі ў многіх раёнах сталіцы знікла цеплазабеспячэнне і святло.

У Харкаве на працягу некалькіх гадзін удары наносілі "мэтанакіравана па энергетычнай інфраструктуры", заявіў кіраўнік горада Ігар Церахаў. Праз гэта ў горадзе вырашылі зліць ваду ў сістэме цеплазабеспячэння 820 дамоў, якія сілкуюцца ад адной з найбуйнейшых ЦЭЦ. Гэта робіцца, каб не дапусціць замярзання сеткі. Таксама гарадскія ўлады папярэдзілі пра магчымыя перабоі ў працы гарадскога электратранспарту. У горадзе разгорнуты 101 пункт нязломнасці.

Мінулая ноч ва Украіне была самай халоднай за ўсю зіму: тэмпература ў Харкаве і Кіеве апусцілася да 20 градусаў марозу.

Пазней стала вядома, што без электрычнасці таксама засталіся 50 тысяч жыхароў Адэскай вобласці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.