Па палітычных справах сёлета ў Беларусі асудзілі 1254 чалавекі
Суд
У 2025 годзе ў Беларусі па палітычных справах асудзілі не менш як 1254 чалавек. Такую статыстыку падае праваабарончы цэнтр "Вясна".
Сярод гэтых асуджаных 899 мужчын (72%), 355 жанчын (28%). Таксама вядома, што 45 асуджаных дасягнулі пенсійнага веку — гэта 27 жанчын і 18 мужчын.
На завочных працэсах у Беларусі ў парадку спецвытворчасці асудзілі 30 чалавек.
Самым распаўсюджаным відам пакарання па палітычных матывах, як адзначаюць праваабаронцы, сёлета стала абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Такі прысуд атрымалі 555 чалавек. На "хімію" былі асуджаныя 42 чалавекі, на пазбаўленне волі — 306 чалавек.
Па-ранейшаму статус "народнага" захоўвае артыкул 342: за ўдзел у акцыях пратэсту былі асуджаныя 643 чалавекі.