У навагоднюю ноч у Беларусі будзе да -18 градусаў

У Беларусь ідуць маразы, ілюстрацыйнае фота

У Беларусь ідуць маразы, ілюстрацыйнае фота

У сераду, 31 снежня, надвор'е ў Беларусі будзе вызначаць халодная няўстойлівая паветраная маса, паведамляе Белгідрамет.

Прагназуецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Уначы часам пройдзе снег, удзень на большай частцы тэрыторыі прагназуецца кароткачасовы снег. Месцамі па краіне чакаецца слабая завіруха, на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Вецер будзе паўночна-заходні ўмераны, месцамі парывісты.

Тэрмометры ўначы пакажуць 5-11 градусаў ніжэй за нуль, удзень чакаецца -2...-7 градусаў.

1 студзеня таксама будзе воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне, а ўдзень па захадзе на большай частцы тэрыторыі пройдзе кароткачасовы снег. Таксама ўдзень па захадзе ў асобных раёнах чакаецца завіруха, на дарогах месцамі — галалёдзіца. Вецер чакаецца заходні з пераходам на паўднёвы ўмераны, удзень — парывісты, месцамі — моцны парывісты.

У ноч на 1 студзеня тэрмометры пакажуць 11-18 градусаў марозу, па поўдні Беларусі месцамі прагназуецца 9-10 градусаў ніжэй за нуль. Удзень чакаецца ад -1 па паўднёвым захадзе да -12 па ўсходзе краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.