Літоўскія перавозчыкі рыхтуюць пазоў супраць урада за фуры, што затрымаліся ў РБ
Фуры, ілюстрацыйнае фота / Reuters
Асацыяцыя перавозчыкаў Linava сабрала подпісы больш як 100 транспартных кампаній для падачы калектыўнага пазову супраць урада Літвы. Гэта звязана з сітуацыяй з літоўскімі фурамі, якія не могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі.
"Ніякіх зрухаў, што тычыцца вяртання фур, у нас няма. Няма ніякіх навін ні з Беларусі, ні з боку ўрада. У цяперашні час мы як асацыяцыя дапамагаем перавозчыкам арганізоўваць сустрэчы з адвакацкімі канторамі, заўтра адбудзецца апошняя, а ў сярэдзіне тыдня мы вырашым, з якой кампаніяй будзем супрацоўнічаць", — перадае DELFI словы кіраўніка асацыяцыі Linava Эрландаса Мікенаса.
Паводле яго, спачатку з юрыстамі абмяркуюць мірныя шляхі развязання сітуацыі: "Спачатку мы будзем шукаць развязання мірным шляхам, а калі гэта не атрымаецца, у нас ёсць і іншыя шляхі".
Мікенас кажа, што пад канец снежня прадстаўнікі асацыяцыі сустрэліся з чыноўнікамі Мінтранспарту і прыйшлі да пагаднення, што першачарговай задачай павінна быць вяртанне фур, якія затрымаліся ў Беларусі, а не іх дакладны падлік. І хаця перавозчыкаў запэўніваюць, што над вяртаннем фураў актыўна працуе МЗС, самі кампаніі ніякай інфармацыі не маюць. Гэта палохае кампаніі, бо яны думаюць, што нічога не робіцца.
"Яны кажуць, што не могуць расказаць пра ўсе меры, якія прымаюцца. Мы запісаліся на сустрэчу з міністрам замежных спраў і паглядзім, ці ўдасца нам пагаварыць, таму што да гэтага часу ў нас практычна не было кантакту", — растлумачыў Э. Мікенас.
Літоўскія фуры не могуць выехаць з Беларусі ў выніку крызісу, які ўзнік на мяжы пасля масавага запуску кантрабандных метэазондаў з цыгарэтамі з тэрыторыі нашай краіны. Літва ў лістападзе на тры тыдні закрывала мяжу, пасля чаго афіцыйны Мінск забараніў грузавікам на літоўскіх нумарах выязджаць праз іншыя ўчасткі мяжы. Пасля адкрыцця літоўскай мяжы грузавікі па-ранейшаму не могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі.