Анкалагічна хворай мазыранцы следства не дазваляе паехаць на аперацыю ў Мінск

Аперацыя, ілюстрацыйнае фота

Аперацыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Мазыранцы Ірыне Левінай, на якую пачалі крымінальную справу з палітычных матываў, следства не дазваляе паехаць у Мінск на аперацыю.

Як паведамлялася раней, 25 чэрвеня Левіну затрымалі на выхадзе з мазырскага анкалагічнага дыспансера на вачах у персанала і наведвальнікаў. Нейкі час яе трымалі ў следчым ізалятары №3 у Гомелі, і праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай. Калі ў жанчыны значна пагоршыўся стан здароўя, яе выпусцілі з СІЗА. Магчыма, адміністрацыя следчага ізалятара і следчыя баяліся, што яна памрэ за кратамі.

Увесь гэты час Левіна, як піша "Гомельская Вясна", імкнулася праходзіць лекаванне і абследаванні ў розных лякарнях Мазыра і Гомеля. У Гомельскім абласным анкадыспансеры ёй сказалі, што адзіны спосаб выратаваць жыццё — тэрміновая перасадка касцявога мозгу. Жанчына атрымала накіраванне ў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Аперацыю прызначылі на 7 кастрычніка.

Але для паездкі ў Мінск Левінай патрэбны дазвол ад следчага, які вядзе ейную крымінальную справу. Крыніца ў медустанове расказала праваабаронцам, што атрымаць такі дазвол жанчына ніяк не можа ўжо працяглы час. Адпаведна, не можа яна і паехаць у Мінск на аперацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.