“У 2010-м галасаваў за Лукашэнку”. Экс-палітвязень пра вымушаную эміграцыю
"Мне гэта тады здавалася абсурдам, прыцягнутым за вушы. Ужо тады я разумеў, што карцінка не адпавядае рэальнасці" / Euroradio via Chat GPT
Ідзе ўжо шосты год пасля 2020-га, але рэха тых падзей даганяе беларусаў — многія апынаюцца за мяжой і шукаюць сябе ў новай краіне.
Падобным чынам склаўся лёс Алега Мядзведзева, жыхара невялікага райцэнтра. Мужчыну давялося прайсці праз арышт за палітычныя погляды, суд, зняволенне, памілаванне і вымушаны ад’езд у Польшчу. З Алегам мы пазнаёміліся ў варшаўскім шэлтары “Прытулі мяне”.
Беларус распавёў Еўрарадыё сваю гісторыю, некаторыя дэталі якой, у тым ліку імя і прозвішча героя, мы змянілі з меркаванняў бяспекі.
“Людзі, якія там стаялі, не былі нейкай маргінальнай меншасцю”
— Я нарадзіўся і вырас у невялікім горадзе ў Беларусі з насельніцтвам каля 10 тысяч чалавек. Потым у маім жыцці была вучоба ў Гродне, быў Мінск, быў іншы райцэнтр, дзе я жыў з 2002 па 2020 год, а пасля мы зноў пераехалі ў Мінск.
Па прафесіі я інжынер, але фактычна ў гэтым кірунку амаль не працаваў: адпрацаваў размеркаванне, а далей пайшоў у гандаль. У нас з жонкай быў невялікі сямейны бізнес на два-тры чалавекі, мы зараблялі на жыццё, на хлеб, на нейкія паездкі, падарожжы. Жылі без асаблівага размаху, але нармальна, па-чалавечы.
Калі казаць пра палітыку, то да 2020 года ў мяне не было нейкага актыўнага жадання ўдзельнічаць у ёй, цікавіцца гэтым. Проста перыядычна на выбары хадзіў, і былі моманты, калі нават галасаваў за Аляксандра Лукашэнку.
Апошні раз гэта было ў 2010 годзе. Я не шкадую пра гэта, у тым сэнсе, што бессэнсоўна перажываць за мінулае. Але ў 2010 годзе, калі я ўбачыў плошчу і разгон, мне стала відавочна, што людзі, якія там стаялі, не былі нейкімі маргіналамі.
Я не ўхваляў разгон, мяне ўразілі паказаныя па тэлебачанні фатаграфіі шпрыцаў, алкаголю, якія дэманстравалі як доказ нібыта амаральнасці пратэстоўцаў. Мне гэта тады здавалася абсурдам, прыцягнутым за вушы. Ужо тады я разумеў, што карцінка не адпавядае рэчаіснасці.
У 2015 годзе я галасаваў за [апазіцыйную дэпутатку Таццяну] Караткевіч. І тады адбыўся эпізод, які моцна паўплываў на маё ўспрыманне сістэмы. Мая суседка працавала ў выбарчай камісіі. На наступны дзень пасля выбараў я зайшоў да яе і пры іншых людзях спытаў, ці памятае яна вынікі галасавання на іх участку, бо пратакол ужо знялі. Яна сказала, што не памятае, і прапанавала спытаць у старшыні камісіі.
Мяне ўразіла, што чалавек, які напярэдадні лічыў галасы і падпісваў пратакол, не памятае лічбаў, не памятае выніку сваёй працы. Цікава, што праз пару месяцаў яна пайшла на павышэнне і стала працаваць у выканкаме. Для мяне гэта быў вельмі паказальны момант.
У 2020 годзе, калі пачалася кампанія і з’явіўся [кандыдат у прэзідэнты, бізнесмен Віктар] Бабарыка, я зразумеў, што трэба ўдзельнічаць хаця б як назіральнік.
Я паспрабаваў трапіць у выбарчую камісію — мяне не прынялі. Спрабаваў стаць назіральнікам, запісаўся ў першы ж дзень з раніцы ў выканкаме — і ўжо быў дванаццатым ці трынаццатым у спісе свайго ўчастка. Калі пачалося галасаванне, я вырашыў прыйсці на падлік і паназіраць. Старшыня камісіі, малады чалавек, які раней працаваў фізруком у школе, спачатку замяўся, потым сказаў, што не можа мяне пусціць.
Калі ўсіх выгналі з памяшкання, я сеў за дзвярыма — за шклянымі філянговымі дзвярыма, каб бачыць, што адбываецца. Прыйшоў міліцыянер, спытаў, што я раблю. Я сказаў, што назіраю, што я ў спісах, проста знаходжуся па-за межамі ўчастка. Члены камісіі былі катэгарычна супраць таго, каб я сядзеў за гэтымі дзвярыма, патрабавалі выйсці з будынка. У выніку пасля слоўных спрэчак міліцыянер прапанаваў камісіі, каб на мяне напісалі скаргу, маўляў, я перашкаджаю. Чакаць скаргі я не стаў, выйшаў на вуліцу, пастаяў пад вокнамі, пакуль лічылі галасы.
Праз 35–40 хвілін яны выйшлі з нейкімі бауламі і дакументамі. Я спытаў, дзе пратакол. Мне паказалі яго, я падышоў і сфатаграфаваў першую частку. Там у Лукашэнкі было амаль 80 працэнтаў — лічба, блізкая да агучанай афіцыйна Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Праз паўгадзіны дома я пачуў абвяшчэнне вынікаў — тыя ж 80 працэнтаў. Прыяцель, які быў у камісіі на іншым участку, сказаў мне па тэлефоне, што ў іх было 50 на 50, але ў яго засталіся пытанні. Мы потым так і не абмеркавалі гэтую тэму падрабязней.
Праз тыдзень, 16 жніўня 2020 года, у маім горадзе выйшла каля 10% насельніцтва — прыкладна тысяча чалавек. Мы ішлі па вуліцах, міліцыя проста перакрывала дарогі, нібыта суправаджаючы звычайнае масавае мерапрыемства. Людзі махалі сцягамі, шарыкамі. З вокнаў дамоў уздоўж маршруту нехта лаяўся, нехта, наадварот, падтрымліваў. Было адчуванне, што не толькі ты адзін разумееш, што адбываецца несправядлівасць.
“Трое спартыўных мужчын едуць да цябе дадому з тваёй жонкай”
— Маё пераследванне пачалося нечакана. На пачатку 2023 года мяне затрымалі разам з жонкай каля ўласнага офіса. Адразу палезлі ў тэлефон, запатрабавалі адкрыць Facebook. Яны адразу адкрылі раздзел з плацяжамі і ўбачылі пераводы ў BYSOL. Мяне і жонку адвезлі ў ГУБАЗіК на Рэвалюцыйную. Мы некалькі гадзін стаялі тварам да сцяны, запісвалі відэа на зялёным фоне.
Жонцы зладзілі сапраўднае матанне нерваў, за мяне ўзяліся сур’ёзна. Адразу сказалі, што сяду, і пачалі афармляць паперы. У той жа дзень, праз некалькі гадзін, мяне адвезлі ў РАУС, дзе ўсё аформілі так, нібыта мяне затрымалі мясцовыя міліцыянеры за рэпост экстрэмісцкіх матэрыялаў. А пакуль я сядзеў у “стакане” ў РАУС, у нас дома прайшоў ператрус. Гэта быў вельмі цяжкі момант: трое спартыўных мужчын едуць да цябе дадому з тваёй жонкай, і ты не ведаеш, чым гэта скончыцца.
Спачатку мне далі 15 сутак за рэпост спартыўнага роліка “Трыбуны”, дасланага ў асабістым паведамленні. Я адбываў арышт у ІЧУ ў Мінску. Праз 10 дзён прыехаў той жа супрацоўнік ГУБАЗіК, які мяне затрымліваў, і прад’явіў ужо крымінальнае абвінавачанне за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. Далей былі этапы: Валадарка, Магілёў, Шклоў.
Падчас допытаў у ГУБАЗіК мяне ўразіла, што на дванаццаці дзвярах з прыкладна 20–25 у доўгім калідоры віселі сцягі Расійскай Федэрацыі. Супрацоўнікі задавалі пытанні, ці падтрымліваю я Украіну. Я адказваў, што калі гаворка пра падтрымку ў вайне — так, падтрымліваю.
Яны спрабавалі падкалупнуць, называлі “слізкім карасём”. Я бачыў, што ў аднаго з іх быў уключаны эфір Еўрарадыё пад акаўнтам, які лічыўся ў мяне ў сябрах у Facebook. Думаю, гэта рабілі з мэтай адсочвання актыўнасці людзей у сетцы. Магчыма, вылоўлівалі найбольш актыўных каментатараў.
У шклоўскай калоніі ў параўнанні з Акрэсціна ўмовы здаваліся амаль піянерскім лагерам. (Не таму, што там было добра, а таму, што так дрэнна, як на Акрэсціна, не павінна быць у прынцыпе нідзе.) У каранціне нас ацэньвалі і “сартавалі”, асабіста размаўлялі з кожным палітычным, каб скласці ўяўленне пра чалавека, ацаніць, наколькі жорсткім павінна быць стаўленне да яго. Мяне, напрыклад, адразу пазбавілі спаткання і перадачы за “неназыванне па ўстаноўленай форме”, таварыш мой адразу “паехаў” у ШІЗА. Там хутка даюць зразумець, што ты ніхто, і зваць цябе ніяк, і нічога ты тут не вырашаеш.
Калі вонкава згаджаешся, ківаеш, кажаш, што зразумеў памылку, да цябе менш прэтэнзій. Калі не — адразу трапляеш у ШІЗА, пачынаюцца пастаянныя прыдзіркі. Асабліва да “дзясятага прафуліку”, то-бок да палітычных.
Супрацоўнікі ў калоніі былі розныя: прапаршчыкі больш падобныя да звычайных людзей, маёры — менш; адны проста выконвалі працу, другія былі ідэалагічна зараджаныя. Любімая фраза: “Вы ж хацелі, як у Еўропе? Вось і атрымлівайце”. Пыталіся, ці быў я ў Польшчы, Літве, які там узровень жыцця. Я казаў, што быў, што ў Польшчы жывуць прыкладна ў два разы лепш. Яны самі, верагодна, ніколі не ездзілі, раскрывалі раты, злаваліся. Шмат гаварылі пра “блакітных у Еўропе”, паўтаралі тэлевізійную прапаганду.
“Я зразумеў, што рызыкую зноў апынуцца пад следствам”
Фармальна ўсе твае пакаранні ў калоніі афармляюцца за парушэнне Правілаў унутранага распарадку. Чамусьці для адміністрацыі вельмі важна, каб ты пісьмова прызнаў сваю віну ў такім парушэнні. Калі не прызнаеш — вялікая верагоднасць апынуцца ў ШІЗА. Рашэнне, саджаць ці не, часта прымалася начальнікам пасля позірку на аператыўніка: кіўне ён яму ці не.
У 2024 годзе, памятаю, пачалі прыязджаць здымачныя групы дзяржаўных каналаў, прапаноўвалі запісаць “пакаяльнае” відэа. Я адмовіўся, бо мяне не задавальняла несправядлівасць. Так, я пераводзіў грошы BYSOL, але гэта было да прызнання арганізацыі экстрэмісцкай. Дык за што ж я павінен прасіць літасці?
Улетку 2024 года пачаліся першыя вызваленні. Хутка стала зразумела, што за першымі будуць і іншыя. У нейкі момант мяне выклікалі “ў штаб”. Аказалася, што гэта прыехаў пракурор з Генеральнай пракуратуры, які пасля кароткай размовы прапанаваў мне напісаць прашэнне аб памілаванні. Тэкст ужо быў гатовы — трэба было перапісаць і проста ўставіць свае дадзеныя. Я напісаў.
Праз месяц-паўтара прыязджаў супрацоўнік КДБ: таксама спачатку ацэньваў мяне ў размове, а потым прапаноўваў паехаць за мяжу і “дапамагчы радзіме” адтуль, фактычна вербаваў. Я, як мог, ухіліўся ад такой прапановы.