Тунэлі пад беларуска-польскай мяжой капаюць спецыялісты з Блізкага Усходу — СМІ

Тунэль пад беларуска-польскай мяжой

Тунэль пад беларуска-польскай мяжой / памежная служба Польшчы

Тунэлі для мігрантаў пад беларуска-польскай мяжой могуць капаць спецыялісты з Блізкага Усходу. Такое меркаванне выказалі выданню The Telegraph вайсковыя эксперты, якія азнаёміліся з відэаздымкамі тунэляў.

На іх думку, кампетэнцыі для ўзвядзення такіх канструкцый маюць тэрарыстычная групоўка ХАМАС у сектары Газа, радыкальны шыіцкі рух "Хезбала" ў Ліване, асобныя курдскія групоўкі і, магчыма, тэрарыстычная групоўка "Ісламская дзяржава".

Вялікі падземны тунэль пад мяжой польскія памежнікі выявілі ў сярэдзіне снежня 2025 года. Ім карысталіся мігранты, каб нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу. Гэтым тунэлем, як заяўляюць польскія памежнікі, скарысталіся 180 нелегальных мігрантаў, большасць — з Афганістана і Пакістана. Вышыня тунэлю — 1,5 метра, сцены ўмацаваныя бетоннымі падпоркамі. Уваход на беларускім баку размешчаны за 50 метраў ад мяжы, выхад на польскім — каля 10 метраў ад мяжы. З беларускага боку ўваход схаваны сярод дрэваў.

Агулам польскі бок знайшоў чатыры такія тунэлі, усе яны былі ўзведзеныя ў 2025 годзе.

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі выказваў меркаванне, што ў пракладцы такіх тунэляў удзельнічаюць курды, якім за гэта даюць магчымасць першымі перайсці на другі бок мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.