Маладосць “на нулі”. Як жывуць і ваююць дваццацігадовыя кантрактнікі ва Украіне

Эміль Лабейка

Эміль Лабейка / Прыватны архіў

Пра тое, што сярэдні ўзрост украінскіх вайскоўцаў большы за 40 гадоў і, магчыма, “Дзед” — самы папулярны пазыўны, выданне “Украінская праўда” пісала яшчэ ў маі 2024 года. У той час прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі якраз падпісаў закон, які знізіў мабілізацыйны ўзрост да 25 гадоў.

“Публічна прэзідэнт аргументаваў гэтае рашэнне тым, што на вайне патрэбныя маладыя байцы, якія знаходзяцца ў лепшай фізічнай форме і разбіраюцца ў тэхналогіях”, — пісала СМІ.

Пры гэтым на фронце можна сустрэць хлопцаў і дзяўчат маладзейшых за 25 гадоў, якія свядома самі падпісалі кантракт.

Еўрарадыё пагаварыла з двума маладымі ўкраінцамі і адным беларусам пра тое, што такое маладосць на вайне.

“Мне страшна, гэта не маё, але пакідаць не хачу”

25-гадовы Аляксей (імя зменена) папрасіў захаваць ананімнасць: цяпер ён пераходзіць у новае падраздзяленне. Ён — камандзір экіпажа FPV-разліку. На вайне з 26 лютага 2022 года. Яго родная Кахоўка ў Херсонскай вобласці застаецца пад акупацыяй з таго ж часу. У дзень нашай размовы ён збіраецца на баявое заданне.

У 2017 годзе Аляксей пераехаў у Харкаў вучыцца на авіяканструктара. Праз некаторы час яго адлічылі, але ён застаўся жыць і працаваць у горадзе. Вайну сустрэў дома, на Салтаўцы: “Прачнуўся пад “фанфары”.

Рашэнне пайсці ваяваць ён прыняў яшчэ да 24 лютага. Тады многія казалі, што так ці інакш вайна будзе.

— Я абмеркаваў гэта з мамай, з сябрамі. Нават планавалі ісці кампаніяй, але не склалася. Пачалася поўнамаштабная вайна. Парадаксальна, але тыя, хто “біў сябе ў грудзі” і заяўляў, што пойдзе на вайну, не пайшлі, а пайшлі тыя, ад каго гэтага наогул не чакаў.

Маладосць “на нулі”. Як жывуць і ваююць дваццацігадовыя кантрактнікі ва Украіне
Фота Аляксея з прыватнага архіву

Праз два дні Аляксей ужо ўступіў у ТрА ў Харкаве. Мама падтрымала гэтае рашэнне. Але бацька хлопца з прарасійскімі поглядамі. Аляксей з ім ужо не мае зносін. Ён застаўся пад акупацыяй і “цалкам уліўся ў тое жыццё”.

— З дзяцінства ён спрабаваў навязаць мне свае погляды. Але, гледзячы на палітычную сістэму Расіі і Беларусі, я разумеў, што гэта поўны п*здзец. Не хочацца жыць у свеце, дзе цябе могуць адп*здзіць дубінкамі.

Вайна нават зматывавала Аляксея завочна давучыцца ва ўніверсітэце.

— Спецыяльнасць аказалася профільнай. Самы смешны казус быў, калі мы сядзелі на пазіцыі ў Запарожскай вобласці. Выкладчык па беспілотніках просіць заданне: “Скінь, як ты лятаеш у сімулятары”. Я адказаў: “Я вам адпраўлю відэа баявой працы”. Адправіў. Паставілі 82 балы [са ста].

Але да таго, як пачаць лётаць, Аляксей год быў у штурмавой роце.

— Як бы ўсе ні білі сябе ў грудзі, маўляў, якія мы афігенныя рэксы-штурмавікі, я скажу проста. Першыя два выезды на штурм, нам далі па карку — і я, вобразна кажучы, абасраўся. Я зразумеў, што быць менавіта ў пяхоце — не маё, і гэта зусім не тое, як яе візуалізуюць людзі, быццам ты там сядзіш у норах і г. д. Само адчуванне там крыху іншае.

Уяўленне пра вайну ў грамадстве складваецца праз устойлівыя вобразы: вінтоўкі, штурмы, “э-ге-ге, за Данбас”. А насамрэч гэта проста гразь, валакіта, ваніты, кроў і гэтак далей.

Маладосць “на нулі”. Як жывуць і ваююць дваццацігадовыя кантрактнікі ва Украіне
Фота Аляксея з прыватнага архіву

У горадзе ёсць бары і прасторы, якія адкрылі вайскоўцы або сем’і вайскоўцаў. Паводле слоў Аляксея, на адной Сумской штук 15 можна знайсці! Туды прыходзяць як вайскоўцы, так і цывільныя — тэмы ў іх агульныя.

— Прысутнічае гнятлівая атмасфера, але толькі калі пахаванне або праводзіны. І тое, потым можа пачацца жорсткі чорны гумар. Часам здараюцца і канфлікты з ПТСРшчыкамі.

З асабістым жыццём таксама ёсць свае нюансы — нюансы ваеннага часу. На пачатку поўнамаштабнай вайны Аляксей ажаніўся, як кажа, “тады быў кураж шлюбаў”, але летась пара разышлася.

Хлопец прызнаецца, што на вайне няпроста выбудаваць адносіны.

— З аднаго боку, хочацца пражыць усё адным днём і не думаць пра будучыню. З другога — хочацца ўтульнасці і свайго ачага. Зараз часта вайскоўцы сустракаюцца з вайскоўкамі. Я таксама трапіў пад гэтую грабёнку — сустракаўся з дзяўчынай-штурмавіцай. Але цяжка ўжывацца, бо ў кожнага “фляга” па-рознаму “свішча”.

Ды і цяпер, паводле слоў Аляксея, калі ён адзін, працаваць псіхалагічна прасцей.

— У цябе няма грузу за сабой. Калі, не дай бог, нешта здарыцца, ты разумееш, што ніхто не будзе перажываць, ні за каго не трэба будзе несці адказнасць у будучыні. Таму яно неяк лягчэй.

Калі б не вайна, Аляксей, магчыма, з’ехаў бы на Захад. Да службы ён працаваў барменам. Але цяпер кажа, што светапогляд моцна змяніўся.

— Ужо цяжка ўспрымаць тое жыццё. І я нават цяпер не разумею, што будзе па сканчэнні вайны. Калі яна скончыцца — што будзе далей. Пакуль жывём адным днём.

З’ехаць у вёску на год — і каб ніхто не чапаў

Адэсіту Цімуру 22 гады. У першыя восем месяцаў вайны ён дапамагаў маме з бабуляй, у якой здарыўся інсульт і паралізавала ўсю правую частку цела. Потым два гады “круціў шаўрму”. Думаў пайсці служыць у спецназ.

Пра тое, каб пайсці на вайну, ён думаў даўно, але кантракт падпісаў толькі ў 2025 годзе. Кажа, што расіяне канчаткова дасталі, а калі даслоўна — “яны за*балі, а там можна даць ім п*зды”.

Цімур расказвае, што ягоны бацька ваяваў з 2014 года за ДНР, нібыта ён не мог цярпець, і трэба было “вызваляць” украінцаў. Пра гэта хлопец даведаўся ў 2016-м, калі знайшоў яго профіль ва “УКантакце” і напісаў. Больш яны не размаўлялі.

Маладосць “на нулі”. Як жывуць і ваююць дваццацігадовыя кантрактнікі ва Украіне
Украінскія вайсковыя на сваіх пазіцыях каля Салядара, Данецкая вобласць / AP / LIBKOS

Сын адрэагаваў на гэта эмацыйна і не адмаўляе, што часткова яго рашэнне ісці на фронт магло быць выклікана і гэтай сітуацыяй. Цімур не ведае, ці жывы яшчэ яго бацька.

Іншыя ж сваякі прынялі рашэнне Цімура ісці на вайну крытычна.

— Сваякі сказалі, што я дэбіл. Проста ў нас гэта не прынята. У нас усе адседжваюцца. Але гэта мая краіна. Я хачу тут жыць і хачу, каб тут нічога такога не поўзала.

Спачатку Цімур быў разведчыкам. Цяпер час ад часу ездзіць з “вампірыстамі” [так называюць аператараў украінскіх цяжкіх ударных дронаў “Вампір”, — Еўрарадыё]: чапляць бомбы і дастаўляць ежу хлопцам на пазіцыі.

Да таго, як Цімур трапіў на фронт, ён уяўляў, што вайна — гэта пастаянная страляніна, дзе цябе хочуць забіць. Але першы ж выезд на баявое паказаў зусім іншае.

— Па факце мы заехалі на нуль у тры ночы з фарамі, на “Хамеры”. Залятаем, выгружаемся ў пасадку, сядзім. Чуем, як працуе мінамёт. У наш “Хамер”, канешне, FPV-шка прыляцела, але мы разумелі, што так будзе.

Я зняў браню, лёг на яе і думаю: нічога сабе, гэта нуль. А я чакаў нечага, як у місіях з Battlefield 4 — ідзеш і ўсіх расстрэльваеш.

Касякі здараюцца, але расчаравання ў сваім рашэнні ў Цімура няма.

Частка яго сяброў вучыліся на вайскоўцаў, адзін сябра падпісаў кантракт амаль тады ж, як і ён (таксама разведчык), а астатнія “як бухалі, так і бухаюць”.

Маладосць “на нулі”. Як жывуць і ваююць дваццацігадовыя кантрактнікі ва Украіне
Украінскія вайскоўцы на пазіцыі / 93-я брыгада

— Усе ўсё разумеюць. Я сам бегаў, агітаваў, крычаў, што трэба ісці. Я хацеў — я пайшоў. Яны тут ні пры чым.

Цяпер Цімур спыняецца ў розных гарадах, калі не на баявых. Бывае, бачыцца са знаёмымі, але звычайна проста ляжыць і гуляе ў гульні.

Пасля вайны Цімур марыць паехаць у вёску на год — і каб “ніхто не чапаў”. А далей — як будзе.

Амаль ва ўсіх падраздзяленнях, дзе служыў Цімур, ён быў самы малодшы.

Маладосць “на нулі”. Як жывуць і ваююць дваццацігадовыя кантрактнікі ва Украіне
Вайсковы / Генштаб УСУ

“Ужо пасля першага баявога пару дзён думаў: з’ехаць ці застацца?”

25-гадовы Эміль Лабейка ва Украіне з сакавіка 2022 года.

— Мы змагаемся супраць аднаго ворага разам з украінцамі. Я пачаў сваю барацьбу з Беларусі падчас пратэстаў 2020 года, супраць міліцыянтаў, якая білі нас на вуліцах. Была такая сітуацыя, што ў Мінску і Бабруйску былі “касманаўты” з Расіі [У рэдакцыі няма пацвярджэння гэтай інфармацыі, — Еўрарадыё]. Таму трэба было ісці і змагацца супраць агрэсара, які потым прыйшоў з поўнамаштабнай вайной ва Украіну.

Сядзець у Польшчы, канешне, цікавы занятак, але трэба нешта рабіць, каб вызваляць Беларусь.

Яшчэ ў Мінску Эміль працаваў памочнікам сістэмнага адміністратара і вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). Толькі вучоба доўжылася ўсяго 10 месяцаў.

Ужо ў 2021 годзе хлопцу давялося паехаць у Польшчу, дзе працаваў прыбіральшчыкам у начныя змены ў “Макдональдсе”. Сям’я пра гэта нічога не ведала. На той момант у планах была толькі купля машыны — якраз здаў на правы, але пачалася вайна.

Маладосць “на нулі”. Як жывуць і ваююць дваццацігадовыя кантрактнікі ва Украіне
Прыватны архіў

— Я паехаў ва Украіну, а праз два-тры месяцы прыйшоў адказ, што пасведчанне на пражыванне гатовае. Трэба было паехаць забраць, але я падумаў: навошта яно мне цяпер…

Пра рашэнне паехаць ва Украіну Эміль паведаміў сям’і па дарозе туды.

— Я патэлефанаваў бацьку і сказаў, што еду з Гданьска ў Варшаву, а далей — ва Украіну, бо пачалася вайна. Ён быў здзіўлены, спачатку спытаў, чаму я нават не сказаў, што паехаў у Польшчу. У нас тады і адносіны былі не вельмі: ён не падтрымліваў мяне падчас пратэстаў. Я патэлефанаваў проста, каб ён ведаў, дзе я і чым займаюся. Маці, наколькі ведаю, даведалася, што я на вайне, калі да яе прыйшлі супрацоўнікі КДБ. З таго часу мы ні разу не размаўлялі.

Уяўленні пра вайну зусім не супалі з тым, чым яна аказалася на справе.

— Я чакаў, што будзе як у фільмах: пастаянныя абстрэлы, напружанне, драматызм. Разумеў, што супраць нас вялікая краіна — расійская імперыя. Але рэальнасць аказалася іншай. У 2022 годзе, напрыклад, па нас адкрывалі агонь, а ў адказ часта нічога не было. Гэта моцна ціснула псіхалагічна.

Я думаў, што быт будзе цяжкі, што будзе складана з ежай, сном, узаемадзеяннем з людзьмі. А на практыцы аказалася, што з пабрацімамі ўсё лёгка, большасць — хлопцы з пратэстаў, адзін да аднаго ставіліся добра. З забеспячэннем таксама аказалася лепш, чым чакаў: на пазіцыях ёсць амаль усё неабходнае.

Маладосць “на нулі”. Як жывуць і ваююць дваццацігадовыя кантрактнікі ва Украіне
Прыватны архіў

У Беларусі ў Эміля амаль не засталося сяброў. Адзін, па яго словах, пачаў прасоўваць прарасійскія наратывы і папракаць хлопца яго рашэннем, а другі спачатку заняў нейтральную пазіцыю, але потым трапіў у беларускую армію і стаў радыкальна настроены супраць Украіны.

Але ва Украіне ў Эміля ёсць дзяўчына. Калі б не адсутнасць пашпарта, які згубіўся падчас баявых дзеянняў, яны ўжо ажаніліся б.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.