У Беларускай чыгункі ўзніклі праблемы з электрацягнікамі Stadler

Электрацягнік "Штадлер", ілюстрацыйнае фота

Электрацягнік "Штадлер", ілюстрацыйнае фота

Пасля праблем з польскімі дызель-цягнікамі, якія Беларуская чыгунка была вымушаная замяняць на вагоны лакаматыўнай цягі, праблемы пачаліся са швейцарскімі электрацягнікаміі Stadler. 22 і 23 лютага быў зняты з рэйса сямівагонны цягнік ЭПм-001 №№733/734, а 23 і 24 лютага тая ж доля спасцігла цягнік №№701/702.

І калі замену польскіх цягнікоў тлумачылі "тэхнічнымі прычынамі", дык замену швейцарскіх электрычак вырашылі растлумачыць "неабходнасцю правядзення пазапланавага тэхнічнага агляду". Як мяркуюць у Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, тэрміновая замена цягнікоў сведчыць, што прычына была даволі сур'ёзнай.

У Супольнасці чыгуначнікаў звяртаюць увагу, што няспраўнасць электрацягніка ЭПм-001 дадаецца да ўжо доўгі час не эксплуатаванага саставу ЭПм-002. Такім чынам, на маршруце Мінск-Брэст няма аналагічнай замены сямівагонным цягнікам ЭПм. Без такіх жа саставаў застаўся таксама папулярны маршрут Мінск-Гомель.

Замяніць іх на пяцівагонныя саставы немагчыма, бо ўсе яны (акрамя аднаго) задзейнічаныя ў перавозках у адпаведнасці з графікам на іншых напрамках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.