"Не, там вам будзе лепш". Бабарыка расказаў, як сам прасіўся з калоніі ў турму
Віктар Бабарыка / lookby.media
У калоніі Віктару Бабарыку не тлумачылі, чаму ён апынуўся ў рэжыме інкамунікада. Пра гэта экс-палітвязень расказаў у вялікім інтэрв'ю выданню "Зеркало".
Бабарыка кажа, што пісаў скаргі і лісты, пакуль у яго былі канверты.
"Я пісаў кожны тыдзень сястры ці сябрам і заяву на сустрэчу з адвакатам. Іх забіраюць — і ўсё. Адзінае, што, трэба аддаць належнае, на маё пытанне "Што я раблю няправільна? Ці што я павінен зрабіць правільна?" быў адказ: "Усё вы робіце правільна, усё вы робіце добра. Вы будзеце сядзець. І ўсё". І была яшчэ адна добрая фраза: "Не ўсё залежыць ад адміністрацыі калоніі".
Экс-палітвязень не ведае, наколькі праўдзівае было гэтае тлумачэнне.
Ён кажа, што рэжым інкамунікада быў абраны як самы цяжкі псіхалагічна. Бабарыка нават прасіўся, каб яго перавялі ў турму, але яму адмаўлялі, бо там ёсць магчымасць камунікацыі з іншымі людзьмі.
"Я казаў: "Ну, нельга пяць разоў запар прысуджваць ПКТ такому злоснаму парушальніку. Дайце мне які-небудзь турэмны артыкул і адпраўце мяне ў турму. Калі я такі вось хуліган нядобры і злосна парушаю парадак, і не падпарадкоўваюся адміністрацыі". Гэта лагічна. Але мне сказалі: "Не, у турме вам будзе лепш". І таму мяне не адпраўлялі туды. Не ведаю, чыя гэта ініцыятыва", — згадвае ён.
Пры гэтым Бабарыка падкрэслівае, што фізічна яго не катавалі: "У КДБ мне сказалі: "Вы ж ведаеце, Віктар Дзмітрыевіч, што фізічныя катаванні ў нас забароненыя?" Я сказаў: "Мяркуючы па вашым тоне, вы пра гэта вельмі моцна шкадуеце".