“Мы не збіраемся пакідаць горад”. Як Харкаў перастае быць рускамоўным

Харкаў / Euroradio
Харкаўскі вакзал вітае гасцей музычным маршам, а першае, што бачыш выходзячы з яго – вывеску пра сапраўднае марозіва “Каштан” (а здавалася, якое можа быць больш сапраўдным за мінскае).
Гэты і іншыя беларускія флэшбэкі яшчэ будуць сустракацца недзе ў гарадской прасторы. Розніца толькі ў тым, што гэты горад ад 22 лютага 2022 году і па сёння знаходзіцца пад сталымі паветранымі атакамі. Але рашэнне жыхароў заставацца, а не з’язджаць, не дае магчымасць расійскім войскам захапіць горад.

Што яшчэ агульнага ў Харкава з любым беларускім горадам? Тое, што яго праз блізкасць да расійскай мяжы і рускамоўную большасць, расійскія ўлады лічаць “сваім”. І працэсы, якія цяпер адбываюцца ў культурным жыцці Харкава, прамое пацверджанае, што гэта не так.
Перад поўнамаштабнай вайной тут пражывала амаль паўтара мільёны чалавек, цяпер — мільён дзвесце. Згодна з перапісам 2001 году, 66% людзей лічыла роднай мовай рускую, а 32% — украінскую. Апошнія апытанні паказваюць, што доля тых, хто выбірае дзяржаўную, расце, праўда, руская застаецца ў агульным карыстанні.
Еўрарадыё ўвесну наведала Харкаў, каб пабачыць, як ён змяніўся падчас вайны і як ягоныя жыхары супрацьстаяць расійскай агрэсіі праз мову і культуру.
“Веды — гэта зброя”
Спачатку падаецца, што Харкаў — тыповы савецкі горад. Забудаваны адпаведнай архітэктурай, з шырокімі вуліцамі — вельмі падобны на Мінск. Адзінае, што ў мясцовых дамах амаль усюды пліты OSB, лісты з драўлянай стружкі, якія ставяць на месцы выбітых ударнай хваляй вокнаў. Харкаўскае метро, якое ў час вайны з’яўляецца збаўленнем для горада, б’е такім жа водарам як мінскае.
Калі раней Харкаў быў вядомы сваім культурным андэрграўндам, напрыклад, музычным (адсюль выйшлі гурты “Пятніца”, “Оркестр Че”, “Вагоновожатые”), то цяпер культура ў падзямеллі стала нечым “нармальным” і літаральным.
Людзі хаваюцца ў метро падчас атак, тут адбываюцца выставы і канцэрты, дзеці вучацца ў падземнай школе, тэатры граюць у бяспечных ангарах — вайна перанесла ўсё ў схованку.
На гэтым фоне, кожны выхад з андэрграўнду робіцца важнай падзеяй.
Так, у цэнтры горада цяпер існуе новаадкрытая крама “Книгоукриття” з вялікімі вітрынамі. Ейны ўладальнік і выдавец Аляксандр Саўчук кажа, што ў 2023 годзе з’явіўся запыт харкаўчан на публічную прастору і на веды пра ўкраінскую гісторыю горада.

Ён выкладчык па адукацыі і для яго, між іншым, гэта магчымасць расказаць пра важныя краязнаўчыя тэмы.
“Гэтыя веды некалі робяцца інфармацыйнай бяспекай. Сама назва “Книгоукриття” звязана з тым, што кнігі гэта пэўная інфармацыйная абарона. Веды — гэта зброя”, — кажа Саўчук.
Першая крама сапраўды была пад зямлёй, але цяпер — гэта месца, куды людзі могуць прыйсці, выпіць каву, пагартаць кніжкі. Назіраем, як праходзіць кніжны клуб. Сховішча атрымала метафарычны сэнс.
Прычым, адкрыццё крамы падчас вайны — гэта вялікая рызыка, але для Аляксандра гэта не пра бізнес.
“Гэта пазіцыя, што мы не баімся. Мы мусім гаварыць пра ўкраінскае ў Харкаве. Гэта частка інфармацыйнай вайны, толькі мы робім гэта экалагічна, па-мастацку і па-навуковаму. І кожны жадаючы можа прыйсці і пачытаць нашыя выданні за гэтымі сталамі, нібы ў бібліятэку”.

Аляксандр Саўчук кажа, што шмат харкаўчан засталося ў горадзе з асабістых прычын, але вялікая доля і тых, хто сапраўды хоча быць у Харкаве, бо “дома”.
“Таму што гэта таксама кажа нашаму ворагу, што мы не збіраемся пакідаць горад. Калі Харкаў пакіне крытычная колькасць людзей, то ў будучыні ён фактычна стане “шэрай зонай”, якую нашмат лягчэй абстрэльваць. Гэта стане пераважна ваеннай тэрыторыяй. Таму жыццё павінна быць.
Вядома, мне вельмі сумна бачыць Харкаў, успамінаць, якім ён быў у студзені 2022 году. Вядома, зараз менш бізнесу, менш машын, менш людзей, менш розных культурных падзей. Але я моцна веру, што акрамя таго, што робяць хлопцы на фронце, мы тут таксама робім працу, за якую, скажам, мне не будзе сорамна. І я веру, што мы вытрываем”, — кажа выдавец.
“Цяпер я не магу размаўляць па-руску”
Сярод кніг, якія паказвае Саўчук, — навінка. Гэта графічны раман, намаляваны мясцовым мастаком Канстанцінам Зоркіным.
“Гэта не пра тое, “якія мы няшчасныя”, гэта спроба зразумець сітуацыю, як мы змяняемся і чаму могуць навучыць нас людзі, якіх сустракаеш на сваім шляху. Гэта нелінейная гісторыя, у якой няма выражанага канца, і мы цяпер фактычна жывём у такой сітуацыі нявызначанасці. Але графіка Канстанціна Зоркіна і глыбокія ідэі, якія мы бачым тут, псіхатэрапеўтычна дапамагаюць нам перажыць гэтае выпрабаванне вайной і паспрабаваць знайсці крыху нармальнага жыцця нават падчас вайны”, — расказвае Аляксандр.

У майстэрні Зоркіна вельмі шмат інструментаў для працы па дрэве і малых фігурак, людзей і не толькі. Гэта таксама сховішча ў пад’ездзе жылога пяцівярховіка. На вахце сядзіць бабуля. Канстанцін расказвае, што яна любіць пагрукацца і сказаць: “Заўтра”. Маўляў, зноў расіяне будуць спрабаваць заняць горад. Але, як кажа мастак, “колькі гэтых заўтра ўжо было”.
Канстанцін кажа, што першыя дні поўнамаштабнага ўварвання цяжка забыць. Як і наступныя. І яны не адчуваюцца, як тры гады: часам як 10, часам як тры месяцы, бо мінулае “адвалілася”.
Першае, што ён зрабіў у першы дзень — паехаў па інструменты ў майстэрню. Але другой думкай было рашэнне не панікаваць. Так і сталася, бо людзі ўзялі зброю ў рукі і горад выстаяў. Харкаўскія мастакі і іхнія сем’і тады знайшлі схованку ў Ярмілаў-цэнтры (гэта цэнтр сучаснага мастацтва, які знаходзіцца ў падвале ўніверсітэта).

“Усё было як арт-праект нейкай абсурднай інсталяцыі. Там былі месцы для начлегу, для гатавання, для ўсяго, нават душ быў. І мы ўсе там жылі, але ў той жа час быў нейкі псіхалагічны камфорт, бо гэта было сярод сваіх людзей. Бо шмат хто начаваў у метро. Я правёў першую ноч у метро, але зразумеў, што больш не хачу. І гэта цяжка забыць, і пра гэта трэба памятаць”.
Паводле яго назіранняў, мастакоў у горадзе стала менш: нехта мабілізаваўся, нехта выехаў за мяжу ці ў большыя гарады.

Зоркін харкаўчанін і, з яго слоў, за часы вайны зрабіў нават больш, чым за папярэдняе жыццё. Але, што тычыцца палітычнага фону, Канстанцін адчувае бяссілле і невядомасць перад будучыняй.
“Цяпер вельмі шмат навін, і я ўсё меней за імі сачу. Журналісты, асабліва еўрапейскія і амерыканскія, задаюць вельмі шмат пытанняў пра Трампа, пра тое, што мы думаем. Мы столькі наслухаліся пра ўсё: ад нейкіх эпахальных прамоваў Байдэна, да гістарычных прамоваў Макрона ды іншых, што Харкаў стаў вельмі цынічным у гэтым сэнсе. Важна тое, што адбываецца насамрэч. Былі і будуць наступленні па Харкаве, і абстрэлы, і пакутніцтва, і ракеты, і балістыка. Было такое, што ў параўнанні цяпер сітуацыя проста ідэальная. Але што будзе заўтра, невядома”.
Таму Канстанціну дапамагае праца, бо яна дае магчымасць зафіксавацца ў моманце.
Ён узгадвае, што калісьці ён быў моцна ў расійскім культурным кантэксце. Цяпер жа не адчувае ў ім патрэбы і не можа размаўляць па-руску. Пры гэтым, Канстанцін усведамляе, што харкаўчане розныя, і тут чуеш рускую мову на вуліцах таксама.

“Я думаю, што ў харкаўчан ёсць такі лакальны патрыятызм: яны могуць гаварыць па-руску, але дапамагаюць, ваююць, адбудоўваюць і ненавідзяць Расію. І ў іх свядомасці гэта абсалютна лагічна: “Мне проста зручна размаўляць па-руску”. Што скажаш чалавеку, які аддае сваё жыццё, але размаўляе па-руску, таму што проста не хоча пераходзіць, яму нязручна, але ён гатовы памерці за свой горад, за сваю краіну, і ён ненавідзіць кацапаў? І якія могуць быць аргументы. Патрэбна яшчэ шмат працы”.
“Я нідзе не адчуваю сябе такой шчаслівай, як тут”
Напрыканцы сакавіка альтэрнатыўны тэатр “Нафта” адзначыў сёмы дзень народзінаў. Гэта ледзь не адзіны тэатр у горадзе, які працуе падчас вайны. Мясцовыя ўлады праз бяспеку ўвялі забарону дзяржаўным спекталям. Але зараз паступова тэатры ўзнаўляюць сваю дзейнасць, паказваючы спектаклі ў іншых месцах.
“Нафта” у свой дзень паказала “Таемны сусвет Антэна Вузлыка” у моднай прасторы ў старым прамысловым будынку. Гэта аўтабіяграфічная гісторыя хлопца, якая пачынаецца ў цяперашнім Харкаве, але герой адпраўляецца ў дзяцінства ў пошуках згубленай радасці.
Акцёры граюць, недзе камунікуюць з публікай, узгадваючы дзіцячыя дваравыя гульні. З перспектывы дзіцяці прыгадваюць пачатак трэцяга тысячагоддзя: “Канца свету не адбылося, але скончыліся 90-я і з імі скончыўся свет без Пуціна” — згадвае са сцэны актор.

"У нас ёсць агульнае пачуццё адказнасці перад горадам, пачуццё прыналежнасці да яго і тое, што мы сапраўды хочам фармаваць яго, нягледзячы на ўсе праблемы, якія стаяць перад намі. Гэта рэфлексія, крыху фантазія, крыху казка. У водгуках людзі кажуць, што гэта пра нас, пра тое, што нас аб’ядноўвае", — расказвае акцёр і рэжысёр Артэм Вусык.
“Няўжо вы хочаце знайсці радасць тут, у шэрым прыфрантавым Харкаве?” — пытаецца пазней іншы акцёр. У выніку, героі яе знаходзяць, бо Харкаў — гэта людзі, якія тут застаюцца і яго фармуюць.
Акцёры “Нафты” адзначаюць, што вайна моцна змяніла разуменне, што ўвогуле бяспечна.
"Вядома, тут небяспечна, але я нідзе не адчуваю сябе такой шчаслівай, як тут. Таму што гэта мой дом, а горад — гэта людзі, тут мая супольнасць, тут дарогі, якія я ведаю, тут мае пачуцці, гісторыі, якія здарыліся са мной. Я не хачу губляць гэты дом, я не хачу яго нікому аддаваць", — кажа Ніна.

Для акцёраў Харкаў — гэта спалучэнне брутальнасці ў архітэктуры і ўразлівасці. Праз блізкасць да Расіі, горад мае “глыбокую траўму русіфікацыі”.
“Некаторыя людзі працягваюць размаўляць па-руску. Трэба разумець каланіяльны кантэкст, таму што, на жаль, змены не могуць адбыцца так хутка. Але ўсё больш людзей разумеюць, што мова можа быць іх даспехамі. І яны проста не могуць размаўляць па-руску, таму што гэтая мова ўжо асацыюецца з агрэсіяй, з гвалтам і з імперскасцю", — кажа Ніна.

Пасля спектаклю акцёры ладзяць аўкцыён для збору сродкаў падраздзяленню “Вострыя Казыркі”. Там ваюе адзін з акцёраў ды ўвогуле шмат культурных дзеячоў Харкава.
У прасторы адбываецца вечарына. Людзі танчаць, пакуль ёсць час да каменданцкай, разам з тым у тэлефонах мігаюць паведамленні пра магчымыя атакі беспілотнікамі ў вобласці.
Жадан і вайна
Харкаў — гэта Сяргей Жадан. Але злавіць яго на месцы не так проста. Пры гэтым ён паспявае ў дзень прыезду заскочыць у краму, каб падпісаць зборнікі вершаў.
У абед пісьменнік ідучы па цэнтры горада расказвае: тут тры разы затрымліваўся Брэжнеў, а тут, калі Харкаў быў сталіцай, жылі камунай паэты і прыязджаў Маякоўскі.
Сяргей Жадан цяпер не толькі вядомы пісьменнік і музыка, але і вайсковы брыгады “Хартыя”. Размову з ім глядзіце цалкам тут:
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.