Віленскі аэрапорт аднавіў працу, але мяжа з Беларуссю застаецца закрытай
Літва закрыла мяжу з Беларуссю на няпэўны тэрмін / vsat.lrv.lt
Віленскі аэрапорт зноў не працаваў з вечара 26 кастрычніка. Прычынай стала чарговая партыя метэазондаў, якія прыляцелі ў Літву з Беларусі. Усе рэйсы былі адкладзеныя ў 21:42, пішуць літоўскія СМІ.
Аэрапорт аднавіў сваю працу ў 4:30. Змены былі ўнесеныя ў расклад 47 рэйсаў, гэта закранула больш за 7000 пасажыраў. 13 рэйсаў скасавалі, 14 перанакіравалі, 20 затрымалі.
Гэта ўжо чацвёртае закрыццё Віленскага аэрапорта за тыдзень. Кожны раз прычынай закрыцця станавіліся метэазонды, на якіх з Беларусі ў Літву дастаўляюць кантрабандныя цыгарэты. Улады Літвы папярэджвалі, што пры паўторным запуску паветраных шароў будуць закрываць мяжу. Увечары 26 кастрычніка памежныя пераходы былі закрытыя на няпэўны тэрмін. Прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа прапанаваў таксама абмежаваць транзіт праз Літву ў Калінінград.
27 кастрычніка літоўская ўрадавая камісія па пытаннях нацыянальнай бяспекі правядзе нараду, на якой разгледзіць пытанне з закрыццём мяжы.