У Літве паўтарылі пагрозу закрыць мяжу з Беларуссю на працяглы тэрмін
Інга Ругінене / LRT
У Літве ізноў кажуць пра закрыццё мяжы з Беларуссю на працяглы тэрмін. Гэты намер пасля чарговага інцыдэнту з паветранымі шарамі з цыгарэтамі, якія прыляцелі з беларускай тэрыторыі, агучыла журналістам прэм'ер-міністарка балтыйскай краіны Інга Ругінене:
"Былі дзве бяссонныя ночы. Праўда, учора сітуацыя была лепшая, чым у пятніцу. Хачу ўдакладніць, што зафіксавалі ўсяго некалькі метэазондаў. Радары фіксуюць адбіткі, іх бывае больш. Але не кожнаму адпавядае метэазонд".
Ругінене дадала, што аэрапорт Вільні ўвечары 25 кастрычніка спыняў працу не толькі праз беларускіх кантрабандыстаў. Яшчэ быў дрон, які падняў у паветра чалавек з тэрыторыі Літвы. Ён затрыманы.
Прэм'ерка папрасіла ўсіх праявіць цярпенне. Паводле яе, міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч неўзабаве збірае "тэхнічную нараду", дзе будзе абмяркоўвацца ўвядзенне больш жорсткай крымінальнай адказнасці за кантрабанду.
І тут дадала, што не выключае закрыцця мяжы на больш працяглы тэрмін. Рашэнне пра гэта мусіць прыняць урад.