У Літве перахапілі першую сёлета кантрабанду на паветраных шарах з Беларусі

Кантрабанда на паветраных шарах

Кантрабанда на паветраных шарах / vsat.lrv.lt

У ноч на 6 студзеня літоўскія памежнікі перахапілі першую ў гэтым годзе партыю кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі праз мяжу на двух метэазондах.

Як паведамляе прэс-служба літоўскіх памежнікаў, кантрабандысты перапраўлялі 3000 пачкаў цыгарэт Minsk Capital QS з акцызнымі маркамі Беларусі. Як звычайна, да грузу быў прымацаваны GPS.

Гэта першы сёлета выпадак перахопу цыгарэтнай кантрабанды на метэазондах з Беларусі.

Папярэднюю цыгарэтную кантрабанду на паветраных шарах літоўскія памежнікі фіксавалі 20 снежня 2025 года. Тады на склады памежнікаў паступілі тры такія грузы — больш за 4,3 тысячы пачкаў.

За мінулы год літоўскія памежнікі перахапілі 635 партый цыгарэт, якія дастаўляліся з Беларусі на метэазондах. Стандартны памер такой партыі — тры скрынкі цыгарэт, гэта значыць 1500 пачкаў. Звычайна яны аснашчаныя прыладамі GPS.

Таксама летась літоўскія памежнікі перахапілі 59 беспілотнікаў кантрабандыстаў, якія таксама выкарыстоўваліся для перавозкі нелегальных цыгарэт з Беларусі ў Літву.

Пры дапамозе дронаў і метэазондаў за мінулы год у Літву было дастаўлена больш за 1,4 мільёна пачкаў цыгарэт, якія трапілі на склады памежнай службы. Па падазрэнні ў датычнасці да паветранай кантрабанды летась былі затрыманыя 122 чалавекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.