У Літве затрымалі беларуса з фальшывым пасведчаннем кіроўцы
Фальшывае пасведчанне кіроўцы / vsat.lrv.lt
У Літве пры спробе вярнуцца на радзіму затрымалі грамадзяніна Беларусі з фальшывым дакументам. Інцыдэнт адбыўся ў памежным пункце пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог), паведамляе літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы.
Паведамляецца, што 24 снежня 40-гадовы мужчына ехаў у Беларусь як пасажыр рэйсавага аўтобуса "Коўна-Мінск". Пры праверцы дакументаў памежнікі папрасілі яго дадаткова паказаць пасведчанне кіроўцы. Беларус заявіў, што такога дакумента не мае. Аднак пры надглядзе яго асабістых рэчаў пасведчанне знайшлося, прычым у памежнікаў з'явіліся сумневы наконт сапраўднасці дакумента.
Праверка выявіла, што пасведчанне кіроўцы было поўнай падробкай. "Нумар дакумента, ахоўная сетка, рэквізіты і іх запаўненне выкананыя струмянёвай друкаркай. Ультрафіялетавая абарона і мікратэкст імітаваныя. Грамадзянін Беларусі прызнаўся супрацоўнікам, што < ... > пасведчанне, выдадзенае на яго імя, ён набыў за 300 еўра пасля таго, як быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 5 гадоў", — паведамляюць літоўскія памежнікі.
Беларуса затрымалі і змясцілі ў памяшканне часовага ўтрымання Віленскага памежнага атрада.