Велікабрытанія абвінаваціла Расію ў смерці Навальнага

Фота Аляксея Навальнага

Фота Аляксея Навальнага / "Настоящее время"

Толькі ў расійскага ўрада былі сродкі, матыў і магчымасць выкарыстаць яд для забойства расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, заявіла міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Івет Купер, выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

Навальны быў забіты ядам, распрацаваным на аснове таксіну драўнянай жабы — да такой высновы прыйшлі некалькі незалежных лабараторый. Вялікабрытанія і яе саюзнікі прааналізавалі ўзоры матэрыялаў, знойдзеных на ягоным целе.

Як піша The Insider, аналізы праводзіліся ў пяці краінах — Вялікабрытаніі, Швецыі, Францыі, Германіі і Нідэрландах. Яд, пра які ідзе гаворка, выклікае параліч усяго цела, аж да спынення дыхання.

Як удалося правесці даследаванне? У 2024 годзе Юлія Навальная, жонка палітыка, казала, што ягоная каманда змагла "атрымаць і бяспечна перавезці" біялагічныя ўзоры за мяжу. Тады ж яна заяўляла, што вынік аналізу ў лабараторыях паказаў, што Навальны быў атручаны. Яна не называла месцазнаходжанне лабараторый, але на той момант намякала, што яны не абнародавалі вынікі праз палітычныя матывы.

Навальны раптоўна памёр у папраўчай калоніі 16 лютага 2024 года, яму было 47 гадоў. Расійскія ўлады назвалі прычынай смерці арытмію; таксама ў матэрыялах справы згадваліся гіпертанічная хвароба і атэрасклероз.

Крэмль назваў заявы пра атручванне "інфармацыйнай кампаніяй" супраць сябе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.